BE RU EN

Куляўся дзед з клюшкай

  • Ірына Халіп
  • 22.08.2025, 19:00

Лядовыя палацы для Лепса і казіно.

Фантазія ў Рыгорыча заўсёды была несуцішнай і бязмежнай – нават тады, калі ён адчуваў сябе ў роднай краіне ў бяспецы. Калі цяпер ён у кожным цені, які мільгануў у куце, бачыць народныя масы з бел-чырвона-белымі сцягамі, то яшчэ гадоў дзесяць таму яму навокал мроіліся ўласныя дзеці, якія незразумела адкуль з’явіліся.

Памятаю, як ён казаў журналістам у 2017 годзе, калі яго пыталіся, калі ўжо скончыцца гісторыя з лядовымі палацамі ў кожным агародзе. Лукашэнка тады адказаў: маўляў, мне ў маім узросце ўжо лядовыя палацы не патрэбныя, мне дастаткова «маленькага пятачка, каб пакулупацца з клюшкай», а ўсё гэта я раблю для вас, няўдзячныя, каб усе «мае дзеці ў Беларусі – а іх мільёны – умелі трымаць клюшку і бегаць на каньках».

Я ж кажу – фантазія бязмежная. Напрыдумляў сабе мільёны дзяцей, выдатна ведаючы, што дзяўчаты яго не любяць і шанцаў на ўвасабленне ў жыццё мараў пра мільёны маленькіх лукашэнак з клюшкамі - ніякіх. Ну добра, марыць не шкодна. Але няўжо менавіта для гэтых няісных дзяцей з клюшкамі ён засмеціў ўсю краіну лядовымі палацамі?

Металічныя ангары, адрозныя памерамі, але падобныя вычварэнствам, будаваліся на працягу ўсіх трыццаці гадоў дыктатуры. Некаторыя, як у Жлобіне, стаялі гадамі недабудаванымі. Іншыя, недаробленыя, у тэрміновым парадку адкрывалі да якіх-небудзь «Дажынак», як у Горках. Трэція, як у Бярозе, будаваліся за грошы Чыжа на загад Лукашэнкі, а пасля арышту Чыжа і поўнага заняпаду ягонага бізнэсу ляглі мёртвым грузам на плечы мясцовых падаткаплатнікаў. Чацвёртыя, як у Барысаве, так і не пабудавалі, але гараджанам крыві папілі добра, прымушаючы іх (прычым як раз летам 2020 года) падпісвацца за будаўніцтва лядовага палаца, а не парку з набярэжнай.

Усяго ў краіне 46 лядовых палацаў - больш, чым рэзідэнцый. Нават калі б Лукашэнка стаў сапраўдным племянным быком, як ён марыць, і займаўся б не арыштамі іншадумцаў, а выключна прымусовым абнасеньваннем, усё роўна ён не змог бы запоўніць хакеістамі ўсе гэтыя бессэнсоўныя пабудовы: жыцця б не хапіла. Затое беларусам зараз ёсць чым любавацца: пустымі ангарамі, размаляванымі ў незразумелыя колеры і загразлымі ў пазыках за камунальныя паслугі. А ў Лукашэнкі ёсць падстава пазласлівіць: «Вось вы мяне, сволачы, ненавідзіце, усё чакаеце, пакуль я памру або ў турму сяду, але памяць пра мяне вы ўжо ніяк не вытруціце: выйдзеце на вуліцу, убачыце жалезны барак – і ўспомніце мяне».

У кожнага дыктатара свае дзівацтвы - адэкватных сярод іх няма, гэта ўсе ведаюць. Туркменбашы па ўсёй краіне пабудаваў уласныя залатыя статуі, якія паварочваліся следам за сонцам. Але яны, прынамсі, месца шмат не займалі, былі лёгка дэмантаваныя і не зжыралі мільёны бюджэтных грошай на ўласнае ацяпленне і водазабеспячэнне. Знік Туркменбашы - і статуі зніклі, як помнікі Сталіну, за ноч. Так што калі б Лукашэнка загадаў адліць сябе ў золаце з клюшкай і паставіць у цэнтры Менска – халера яго бяры, гэта лёгка прыбіраецца ў дзень рэвалюцыі або некралога. Албанскі дыктатар Энвер Ходжа пабудаваў у краіне з двухмільённым насельніцтвам 600 000 бункераў. Але яны хоць бы знаходзіліся пад зямлёй і не псавалі ландшафт. Калі б Лукашэнка пачаў рыць норы і тунэлі пад зямлёй – хай сабе, не страшна. Але ўсё, што дзеецца на ягонае жаданне або загад, - вось яно, на паверхні, кідаецца ў вочы, выклікае ў нармальнага чалавека неапісальную злосць, знішчае ўсе эстэтычныя пачуцці. Гарады становяцца чужымі, як быццам па іх на танках праехалі акупанты. І прыязджаюць туды таксама акупанты.

Чаму, уласна, я наогул успомніла пра гэтыя пакрытыя іржой скрыні? Ды проста нядаўна надумала праверыць: раптам доўгія гады мы ўсе памыляліся, і з кожнага лядовага палаца ўжо выйшлі дзясяткі гульцоў НХЛ. І метадычна прайшлася па сайтах гэтых самых палацаў. Дык вось, большасць іх сайтаў - гэта ўжо рэклама онлайн-казіно. І толькі Гомельскі Лядовы палац сціпла запрашае на канцэрт Лепса. Што і патрабавалася давесці.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Апошнія навіны