У ЕЗ высмеялі Пуціна пасля заяў Лаўрова
- 22.08.2025, 16:10
Хто сапраўдны гаспадар у Крамлі?
Еўракамісар Андрус Кубілюс высмеяў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пасля заяў, якія зрабіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў. Кубілюс выказаў здагадку, што Пуцін - не сапраўдны кіраўнік Расеі, а марыянетка Лаўрова.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на допіс Кубілюса ў Х.
"Хто сапраўдны гаспадар у Крамлі: Пуцін ці Лаўроў? Як хтосьці можа дамаўляцца пра нешта з Пуціным, калі пасля сустрэчы Пуціна і Трампа Лаўроў публічна адмаўляе ўсё, што Пуцін абяцаў Трампу на двухбаковай сустрэчы? Магчыма, Пуцін не сапраўдны гаспадар у Крамлі?",- напісаў еўракамісар з нагоды заяў расейскага міністра замежных спраў.
Нагадаем, раней міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што гарантыі бяспекі Украіны павінны забяспечвацца «на роўнай аснове» такімі краінамі як Кітай, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. Але, як сцвярджае кіраўнік расейскага МЗС, без удзелу Расеі гэта “шлях у нікуды”.
Заява міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова аб тым, што дзяржавамі-гарантамі бяспекі для Украіны могуць выступіць РФ, Кітай і ЗША, фактычна сарвала перамовы Масквы з Вашынгтонам.