У Нямеччыне працаўнік фабрыкі скраў дзве тоны кавы
- 21.08.2025, 21:21
Мужчыну на час следства адпусцілі, але ягоны аўтамабіль канфіскавалі.
Жыхара нямецкага Гамбурга абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах. У прыватнасці, 31-гадовага мужчыну падазраюць у тым, што ён прысвоіў сабе больш за дзве тоны кавы. Пра гэта паведаміла ў чацвер паліцыя Гамбурга.
Фабрыка ў Гамбургу ў пачатку жніўня звярнулася ў паліцыю праз падазронасць, што адзін з працаўнікоў крадзе каву і затым перапрадае яе. У пачатку тыдня праваахоўнікі затрымалі 31-гадовага мужчыну, у аўтамабілі якога знайшлі амаль паўтоны свежай змолатой кавы, расфасаванай у аднакілаграмовыя мяшкі.
Паводле запыту пракуратуры Гамбурга паліцыянты абшукалі кватэру і два гаражы, прыналежныя працаўніку.
“Яны канфіскавалі яшчэ 1900 кілаграмаў кавы, больш за 20 тысяч еўраў гатоўкай і высакаякасныя наручныя гадзіннікі як магчымы прыбытак ад злачынства і доказы”, - гаворыцца ў паведамленні.
Мужчыну на час следства адпусцілі, але ягоны аўтамабіль канфіскавалі.