BE RU EN

Дроны атакавалі Севастопаль: пашкоджаная вайсковая частка Чарнаморскага флоту РФ

  • 21.08.2025, 7:36

Там цяпер базуецца ГРУ Расеі.

Уночы 21 жніўня беспілотнікі атакавалі часова акупаваны Крым: пад ударам апынуўся Севастопаль, дзе прагрымела серыя магутных выбухаў. У сеціве паведамляюць пра імаверную атаку на пункт дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў.

Пасля абстрэлу над Севастопалем падняўся густы дым. Пра гэта паведамілі мясцовыя прарасейскія Telegram-каналы. «Фокус» сабраў усё, што вядома аб начной атацы па Севастопалі.

Абстрэл рэгіёну пачаўся а 03:40: мясцовыя суполкі інфармавалі, што ў рэгіёне нібыта было збіта «нешта вялікае», жыхароў Севастопаля заклікалі выконваць правілы бяспекі. Пасля гэтага ў раёне мыса Фіялент прагрымелі два магутныя выбухі.

У наступныя хвіліны ў раёне мыса прагучала яшчэ серыя магутных выбухаў, пасля чаго расейцы паведамілі аб густым дыме, які падняўся ў небе над Севастопалем.

OSINT-аналітыкі канала Exilenova+ паведамілі, што ў Севастопалі, магчыма, была атакаваная вайсковая частка №95408 Чарнаморскага флоту Расеі. Там, паводле інфармацыі аналітыкаў, цяпер базуецца ГРУ Расеі.

Таксама ў сеціве паказалі кадры наступстваў атакі па Севастопалі.

Здымкі са спадарожнікаў NASA неўзабаве зафіксавалі пажар на тэрыторыі вайсковай часткі №95408 Чарнаморскага флоту РФ, што пацвярджае паведамленні аб магчымым удары па частцы.

Вайскоўцы пакуль не каментавалі магчымы ўдар па частцы ў Севастопалі.

Затое мясцовая акупацыйная ўлада ў Севастопалі зняпраўдзіла атаку па вайсковай частцы.

"Гучныя гукі, якія былі чутныя ў раёне вуліцы вайсковых будаўнікоў на тэрыторыі вайсковай часткі — гэта Чарнаморскі флот супольна са службамі экстранага рэагавання (МНС, паліцыяй, хуткай дапамогай і выратавальнай службай Севастопаля) праводзілі вучэнні па практычнай адпрацоўцы тушэння пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”, — паведаміў так званы губернатар Разважаеў.

Апошнія навіны