Нідэрланды перакідваюць Patriot у Польшчу
- 20.08.2025, 21:10
Для абароны лагістычнага цэнтра Украіны.
Нідэрланды перакідваюць у Польшчу два зенітна-ракетныя комплексы Patriot і блізу 300 вайскоўцаў для аховы лагістычнага цэнтра NATO Security Assistance and Training for Ukraine (NSATU).
Пра гэта заявіў міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкелманс, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Нідэрландаў.
Гаворка ідзе пра інтэграваную батарэю з трох кампанентаў: двух Patriot, сістэмы СПА NASAMS і сродкаў процідзеяння дронам. Разам з партнёрамі Нідэрланды забяспечаць эшаланаваную паветраную абарону ад магчымых пагрозаў балістычнымі і крылатымі ракетамі, а таксама ад самалётаў, галікаптэраў і беспілотнікаў.
«Абарона дае высокатэхналагічныя здольнасці. Яны дэфіцытныя, але Нідэрланды здольныя іх забяспечыць. Гэтая місія служыць тром мэтам: абарона тэрыторыі NATO, стрымліванне расейскай агрэсіі і безумоўная падтрымка Украіны. Так мы трымаем расейскую пагрозу як мага далей», – заявіў Брэкелманс.
NSATU каардынуе і забяспечвае падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў і пастаўкі ваеннай дапамогі.
Ва ўстанове адзначылі, што разгорнутая паветраная абарона дасць магчымасць бяспечна выконваць гэтыя лагістычныя аперацыі і гарантаваць, што перададзенае хаўруснікамі ўзбраенне дабярэцца да месца прызначэння.