BE RU EN

Расейскія войскі трапілі пад пагрозу акружэння пад Дабраполлем

  • 20.08.2025, 20:32

Што вядома.

Узброеныя сілы Украіны пачалі акружаць расейскую групоўку, якая блізу тыдня таму прарвала абарону ў раёне Дабраполля на поўнач ад Пакроўска на глыбіню сама меней 10 кіламетраў, піша ваенны аглядальнік Расейскай службы BBC Ілля Абішаў са спасылкай на звесткі ваенных аналітыкаў і маніторынгавых каналаў.

Раней камандаванне УСУ перакінула ў раён прарыву падмацаванне, у тым ліку падраздзяленне Нацгвардыі «Азоў». Да цяперашняга часу ўкраінскім войскам удалося спыніць наступ, вярнуць кантроль над населенымі пунктамі па лініі Рубежнае – Залаты Калодзедзь – Вяселае, а таксама ўклінавацца ў падмурак расейскага выступу і стварыць сустрэчную пагрозу акружэння, піша Абішаў.

Перадавыя расейскія часткі, якія прасунуліся далей за ўсіх на поўнач, ужо адрэзаныя ад асноўных сілаў, сведчаць мапы ўкраінскага OSINT-праекту DeepState і блізкага да Мінабароны РФ тэлеграм-канала «Рыбарь». Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) таксама паказваюць на рызыку акружэння расейскай групоўкі.

Абодва бакі прадаўжаюць перакідваць рэзервы і паведамляюць пра цяжкія баі на гэтым адрэзку. Z-блогер Барыс Рожын піша, што ў выніку поспеху УСУ ў раёнах Залатога Калодзезя і Вяселага лінія фронту зрушылася па паўночным выступе ў бок Кучаравага Яра. Паводле ягоных словаў, тут расейскія падраздзяленні ўсё яшчэ ўтрымліваюць абарону над ключавымі вышынямі.

Згодна з ацэнкай украінскага ваеннага аналітыка Канстанціна Машаўца, войскі РФ спрабуюць дэблакаваць свае перадавыя падраздзяленні ўдарамі з правага флангу ў раёне сёлаў Шаховае і Новае Шаховае ў кірунку Кучарава Яра, а таксама прадаўжаюць наступ у бок Радзінскага.

У сваю чаргу УСУ прадаўжаюць контратакаваць у аснаванне расейскага «выступу», імкнучыся перарэзаць уклінаванне па найкарацейшым кірунку Ніканораўка – Маяк і паступова звузіць плошчу прысутнасці ворага, дадае Машавец.

Геалакацыйныя кадры двух апошніх дзён паказваюць, што расейскія войскі прасунуліся на адрэзку на паўночны захад ад Палтаўкі і на паўночны ўсход ад Уладзіміраўкі (абедзве вёскі размешчаныя на паўднёвы ўсход ад Дабраполля). Аднак яны прасоўваюцца павольней за УСУ. 19 жніўня пачаліся баі за Маяк. Паводле словаў Машаўца, гэта кажа пра страту вайскоўцамі РФ надзейнага кантролю над гэтым і суседнімі населенымі пунктамі, якія фармуюць аснаванне ўклінення, і цяпер украінскія войскі пагражаюць яго «сярэдзіне».

Абодва бакі ў гэтым раёне маюць параўнальна малую шчыльнасць асабовага складу, пазіцыі носяць ачаговы характар і больш падобныя на асобныя апорныя пункты, чым суцэльную лінію абароны, адзначае ISW. Паводле ацэнак аналітыкаў, у цэлым абстаноўка на гэтым адрэзку застаецца складанай і можа змяніцца ў любы момант.

Апошнія навіны