У Віцебску мужчына з нажом напаў на дзяўчыну
- 20.08.2025, 20:26
Міліцыянт стрэліў у яго.
Раніцай у сераду, 20 жніўня, у Віцебску жанчына паведаміла ў міліцыю, што яе 17-гадовую дачку спрабуе забіць знаёмы. На месца здарэння выехалі супрацоўнікі Першамайскага РАУС, паведамілі ў прэсавай службе МУС.
У двары дома праваахоўнікі ўбачылі мужчыну, які наносіў нажавыя ўдары дзяўчыне. Ён праігнараваў патрабаванні кінуць зброю і паспрабаваў напасці на міліцыянтаў.
«Ацаніўшы рэальную пагрозу жыццю і здароўю, адзін з міліцыянтаў зрабіў прыцэльныя стрэлы па ніжніх канечнасцях зламысніка», – гаворыцца ў паведамленні МУС.
Дзяўчыне была прапанаваная першая дапамога. Яна знаходзіцца ў рэанімацыі. Сам нападнік – 22-гадовы раней асуджаны мясцовы жыхар – таксама перададзены медыкам.
Следчыя распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб замаху на забойства дзвюх і больш асобаў. Паводле вонкавых прыкметаў, нападнік быў у стане наркатычнага ап'янення. Прызначаныя неабходныя экспертызы.