BE RU EN

Трамп пастанавіў разабрацца з рэжымам Мадуры па-ваеннаму

  • 20.08.2025, 19:34

За злоў венесуэльскага «сябра Лукашэнкі» Дзярждэп ЗША падвоіў узнагароду.

Рэжым дыктатара Мадуры рызыкуе стаць новай мэтай амерыканскага ваеннага ўмяшання. Такія сігналы падаюць амерыканскія СМІ, паведамляючы пра пастанову амерыканскай адміністрацыі нарасціць ваенную прысутнасць у падкантрольным Паўднёваму камандаванню ВПС ЗША рэгіёне Карыбскага басейна. Паводле інфармацыі Reuters, Пентагон ужо накіраваў да берагоў Венесуэлы тры эсмінцы і збіраецца выправіць туды 4 тыс. марскіх пяхотнікаў і маракоў. Усё гэта – у рамках намаганняў Дональда Трампа ў барацьбе з лацінаамерыканскімі наркакартэлямі. У адказ на пагрозы дыктатар Баліварыянскай Рэспублікі Нікалас Мадура, за злоў якога Дзярждэпартамент ЗША нядаўна падвоіў узнагароду да $50 млн, ужо абвясціў аб падрыхтоўцы 4,5 млн апалчэнцаў да абароны краіны.

У ноч на 19 жніўня на стужкі навінаў упала маланка агенцтва Reuters са спасылкай на дзве дасведчаныя крыніцы: «Тры амерыканскія эсмінцы цягам найбліжэйшых 36 гадзінаў прыбудуць да берагоў Венесуэлы для супрацьдзеяння пагрозам з боку лацінаамерыканскіх наркакартэляў». Адна з крыніцаў удакладніла, што гаворка ідзе пра караблі USS Gravely, USS Jason Dunham і USS Sampson. Паводле словаў іншай, апроч ваенных караблёў амерыканцы наважыліся накіраваць у рэгіён атамную ўдарную падлодку і некалькі самалётаў-выведнікаў P8.

Некалькі дзён таму тэлеканал CNN са спасылкай на двух прадстаўнікоў Мінабароны ЗША паведаміў, што амерыканскае камандаванне накіроўвае больш за 4 тыс. марскіх пяхотнікаў і маракоў у воды Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна ў рамках планаў адміністрацыі ЗША ў барацьбе з наркакартэлямі. Адзін з суразмоўцаў CNN удакладніў, што гаворка ідзе пра разгортванне ў карыбскіх водах амфібійна-дэсантнай групы караблёў «Івадзіма» з экспедыцыйным атрадам корпуса марской пяхоты ў складзе Паўднёвага камандавання ЗША.

Навошта гэта ўсё трэба адміністрацыі Дональда Трампа, растлумачыў іншы суразмоўца СМІ: «для ліквідацыі пагрозаў нацыянальнай бяспецы ЗША з боку спецыяльна абазначаных наркатэрарыстычных арганізацый у рэгіёне».

На фоне гэтага дыктатар Венесуэлы Нікалас Мадура ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі заявіў, што на гэтым тыдні «прывядзе ў дзеянне спецыяльны план з удзелам больш як 4,5 млн апалчэнцаў», якія павінны будуць забяспечыць абарону ўсёй тэрыторыі краіны.

Дональд Трамп называў барацьбу з наркатрафікам адным з прыярытэтаў сваёй палітыкі яшчэ ў перыяд прэзідэнцкай гонкі. Падчас выбарчай кампаніі ён абяцаў разгарнуць войскі спецыяльнага прызначэння і ваенна-марскія сілы супраць картэляў. І ўжо тады было ясна, што ягоныя аднапартыйцы падтрымаюць гэтую задуму. Рэспубліканскія заканадаўцы яшчэ ў 2023 годзе распрацавалі праект закона, які дазваляў ужыванне ваеннай сілы супраць картэляў, што, паводле вызначэння The New York Times (NYT), стала «аналагам ваенных паўнамоцтваў, дадзеных Кангрэсам былому прэзідэнту Джорджу Бушу-малодшаму перад уварваннем у Афганістан і Ірак».

Адразу пасля інаўгурацыі Дональд Трамп перайшоў ад словаў да справы, адным з першых указаў прыраўнаваўшы восем наркакартэляў і транснацыянальных арганізацый да тэрарыстычных груповак.

З лёгкай рукі Дональда Трампа ў спіс патрапілі сярод іншага групоўкі Tren de Aragua і Cartel de Sinaloa. Першую ў Вашынгтоне неаднаразова абвінавачвалі ў сувязях з рэжымам Нікаласа Мадуры. У лютым у Дзярждэпартаменце ЗША сцвярджалі, што злачынная банда, якая ўзнікла ў Венесуэле, «займалася выкраданнямі людзей, вымагальніцтвам, подкупам дзяржслужбоўцаў, а таксама ўпаўнаважыла сваіх чальцоў нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў ЗША і забіваць іх». У пачатку красавіка амерыканскі лідар скарыстаўся аргументам аб наяўнасці злачынных сувязяў венесуэльцаў з Tren de Aragua, каб пачаць працэс выправаджэння з ЗША ўсіх венесуэльскіх мігрантаў.

Транснацыянальную групоўку Cartel de Sinaloa, якая базуецца ў Мексіцы, у сваю чаргу ў Дзярждэпе тады ж назвалі «адным з самых магутных наркакартэляў у свеце». Прыпісаўшы яго да найбуйнейшых вытворцаў і пастаўшчыкоў фентанілу і іншых наркотыкаў у ЗША, у замежнапалітычнай установе, зрэшты, тады і словам не абмовіліся пра сувязі картэля з венесуэльскім урадам.

Як сцвярджаецца, Нікалас Мадура экспартаваў шматтонныя пастаўкі какаіну і накіроўваў зброю праз Cartel de los Soles.

Для Штатаў гэта стала выдатнай падставай падвоіць узнагароду за злоў Мадуры да $50 млн. У мінулым такую шчодрую ўзнагароду Дзярждэп абвяшчаў толькі аднойчы: за злоў лідара «Аль-Каіды» Асамы бэн Ладэна пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года.

Апошнія навіны