BE RU EN

Лаўроў унікае канкрэтыкі датычна магчымасці сустрэчы Пуціна і Зяленскага

  • 20.08.2025, 18:54

Таксама кіраўнік МЗС РФ прыдумаў свой спіс краінаў, якія павінны даць гарантыі бяспекі для Украіны.

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў паўтарыў, што Расея «гатовая да прадаўжэння перамоваў з Украінай у любым фармаце, але патэнцыяльная сустрэча на найвышэйшым узроўні павінна быць старанна падрыхтаваная і паставіць кропку ў перамоўным працэсе».

Пра гэта заявіў Лаўроў на прэс-канферэнцыі ў Маскве, паведамляюць расСМІ.

«Мы гатовыя да любых фарматаў. Але, калі гаворка ідзе пра сустрэчы на найвышэйшым узроўні, неабходна самым старанным чынам іх падрыхтаваць на ўсіх папярэдніх прыступках, каб саміты не абарочваліся пагаршэннем сітуацыі, а сапраўды ставілі б кропку ў тых перамовах, якія мы гатовыя прадаўжаць».

Кіраўнік МЗС РФ адзначыў, што Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «унёс прапанову не проста прадоўжыць гэтыя перамовы (з Украінай), але і падумаць, каб павысіць узровень кіраўнікоў дэлегацый».

«І якраз гэта ўпісваецца ў нашу прапанову, каб у рамках гэтага працэсу асобны блок быў бы прысвечаны разгляду палітычных аспектаў урэгулявання, нараўне з ваеннымі і гуманітарнымі», – заявіў Лаўроў.

Ён сцвярджае, што «гэтая ідэя была пазітыўна ўспрынятая прэзідэнтам Трампам». «Мы спадзяемся, што ён давядзе яе і растлумачыць яе кіеўскім прадстаўнікам, і мы атрымаем рэакцыю», – заявіў Лаўроў.

Ніякай канкрэтыкі наконт магчымасці сустрэчы Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага кіраўнік МЗС РФ не сказаў.

Акрамя гэтага, у расейскім Міністэрстве замежных справаў мяркуюць, што абмеркаванне гарантый бяспекі для Украіны без удзелу РФ немагчымае.

Паводле словаў Лаўрова, Масква згодная на наданне Украіне гарантый бяспекі ад Кітая, ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі на роўнай аснове. Таксама ён падкрэсліў, што без удзелу Расеі «гэта шлях у нікуды».

«Я ўпэўнены, што на Захадзе, перш за ўсё ў Злучаных Штатах, выдатна разумеюць, што сур'ёзна абмяркоўваць пытанне гарантый бяспекі без Расейскай Федэрацыі – гэта ўтопія, гэта шлях у нікуды», – сказаў Лаўроў.

Ён адзначыў, што, на думку Масквы, у пытанні гарантый бяспекі для Украіны «трэба арыентавацца на напрацоўкі, дасягнутыя ў ходзе перамоваў у Стамбуле ў 2022 годзе».

Апошнія навіны