Беларусбанк папярэдзіў пра новую схему падману
- 20.08.2025, 17:50
Званкі з гэтага нумара заўсёды робяць ашуканцы.
Беларусбанк папярэдзіў, што любы званок у мэсэнджэрах з нумара 147 заўсёды робяць ашуканцы.
Ашуканцы часта называюцца супрацоўнікамі банка або сілавых структураў і спрабуюць запалохаць чалавека, напрыклад паведамляючы, што на ягонае імя аформлены крэдыт або што ён нібыта пералічвае грошы «экстрэмістам».
Пасля гэтага размову пераводзяць у мэсэнджары, дзе спрабуюць атрымаць асабістыя звесткі карты. Далей ашуканцы могуць стварыць токен – лічбавы аналаг карты – і здымаць грошы ў банкаматах.
У прэс-службе банка падкрэслілі, што сапраўдныя супрацоўнікі ніколі не патрабуюць:
рэквізіты картаў;
коды з SMS-паведамленняў;
PIN-коды;
усталяваць дадатковыя праграмы на тэлефон.
Беларусам раяць атрымліваць усю неабходную інфармацыю толькі праз афіцыйны нумар банка 147 (ён для таго, каб на яго тэлефанаваць самім, а не атрымліваць званкі) ці непасрэдна ў аддзяленнях. Гэта дапаможа засцерагчыся ад махлярства.