Акумулятары будуць захоўваць удвая больш энэргіі
- 20.08.2025, 15:33
Новае адкрыццё кітайскіх навукоўцаў.
Група даследнікаў з Цяньцзінскага ўніверсітэта ў Кітаі дасягнула значнага прарыву ў тэхналогіі літыевых акумулятараў, падвоіўшы колькасць энэргіі, якую батарэя можа захоўваць з улікам свайго памеру і вагі.
Дзякуючы высокай шчыльнасці энэргіі, літыевыя акумулятары з'яўляюцца важным кампанентам для электрамабіляў. Цяпер найлепшыя акумулятары Tesla маюць шчыльнасць энэргіі блізу 300 ват-гадзін на кілаграм, тады як акумулятар, распрацаваны кітайскімі навукоўцамі, мае шчыльнасць энэргіі, большую за 600 ват-гадзін на кілаграм, паведамляе Tech Xplore.
Як тлумачаць у выданні, адна з праблем сучасных літыевых батарэй палягае ў вадкасці, якая называецца электралітам, праз які рухаюцца іёны літыя. Электраліт можа засмечвацца, бо кожны іён літыя акружаны іншымі, ствараючы цвёрдую структуру, якая абмяжоўвае эфектыўнасць, стабільнасць і прадукцыйнасць акумулятара.
Навукоўцы сцвярджаюць, што развязалі гэтую праблему, стварыўшы новы электраліт з больш дэзарганізаванай структурай, якая дазваляе іёнам рухацца больш свабодна. Прапанаваная імі канструкцыя электраліта пераадолела ўнутраныя абмежаванні традыцыйных электралітаў.
Падчас выпрабаванняў новы акумулятар не толькі прадэманстраваў высокую шчыльнасць энэргіі, але і заставаўся стабільным цягам больш за 100 цыклаў зарадкі і разрадкі. Электраліт таксама не запальваўся пад адкрытым агнём і працаваў пры тэмпературы -60°C без замярзання.
Цяпер батарэя знаходзіцца на стадыі эксперыментальных выпрабаванняў і яшчэ не гатовая да масавай вытворчасці. Прадукцыйнасць і бяспеку тэхналогіі яшчэ трэба старанна праверыць у рэальных умовах.
Калі вытворчасць такіх акумулятараў у выніку атрымаецца маштабаваць, гэта можа павялічыць запас ходу электрамабіляў, адначасова скараціўшы час іх зарадкі. Акрамя таго, распрацоўка можа легчы ў аснову больш бяспечных акумулятараў большай ёмістасці для шматлікіх бытавых прылад.