ЕЗ пасля саміту ў Вашынгтоне паабяцаў увесці новыя санкцыі супраць РФ
- 19.08.2025, 21:49
Наступны пакет санкцыяў супраць Масквы павінен быць падрыхтаваны ўжо да верасня.
Еўразвяз прадоўжыць чыніць актыўны ціск на расейскую ваенную эканоміку, а наступны пакет санкцыяў супраць Масквы павінен быць падрыхтаваны ўжо да верасня. Пра гэта заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕЗ Кая Калас пасля віртуальнай сустрэчы з лідарамі краінаў звязу, на якой абмяркоўваліся вынікі саміту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі ў Вашынгтоне.
«Адзінства лідараў ЕЗ на сённяшнім віртуальным саміце было адчувальным. Усе адданыя трываламу міру, які абараняе жыццёва важныя інтарэсы бяспекі як Украіны, так і Еўропы. ЕЗ прадоўжыць нацэльвацца на ваенную эканоміку Расеі. Наступны пакет санкцый супраць Масквы павінен быць гатовы да наступнага месяца», – напісала Калас у X, падкрэсліўшы, што гэтыя пытанні будуць у цэнтры ўвагі на будучым паседжанні міністраў замежных справаў і абароны ЕЗ.
Прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніу Кошта пасля анлайн-паседжання правёў тэлефонную размову з Зяленскім, падкрэсліўшы згуртаванасць ЕЗ і непахісную падтрымку Украіны. «Адразу пасля нашай дыскусіі з сябрамі Еўрапейскай рады я звязаўся з прэзідэнтам Зяленскім. Я падкрэсліў адзінства ЕЗ і непахісную падтрымку Украіны, а таксама нашу прыхільнасць захаванню ціску на Расею», – напісаў Кошта ў X. Ён назваў галоўнымі задачамі Еўразвязу спыненне кровапраліцця, прасоўванне абмену палоннымі і вяртанне выкрадзеных Расеяй дзяцей. Кошта дадаў, што ЕЗ будзе супрацоўнічаць са ЗША для забеспячэння надзейных гарантый бяспекі для Украіны.
«Мы супольна з прэзідэнтам Зяленскім і ЗША плануем распрацаваць наступныя крокі, накіраваныя на ўсталяванне справядлівага і доўгатэрміновага міру. Мы павінны і надалей падтрымліваць украінскі народ і прасоўваць працэс пашырэння. Будучыня Украіны заключаецца ў дабрабыце і стабільнасці, якія забяспечвае ўдзел у ЕЗ», – падкрэсліў кіраўнік Еўрарады.
18 жніўня ў Белым доме адбыліся перамовы з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і шэрагу еўрапейскіх лідараў. Пазней Трамп заявіў, што на сустрэчы абмяркоўваліся ў тым ліку гарантыі бяспекі для Украіны, якія хаўруснікі гатовыя даць Кіеву. Паводле словаў амерыканскага прэзідэнта, гэтыя гарантыі будуць забяспечаныя рознымі краінамі Еўропы ў каардынацыі з ЗША.