Урад РФ канстатаваў пачатак спаду гандлю з Кітаем
- 19.08.2025, 21:10
Расейска-кітайскі гандаль у 2025 годзе ўпершыню з пачатку вайны пачаў скарачацца.
Расейска-кітайскі гандаль у 2025 годзе ўпершыню з пачатку вайны пачаў скарачацца, паведаміў у аўторак міністр прамысловасці і гандлю РФ Антон Аліханаў.
Паводле звестак мытні КНР, за студзень – ліпень двухбаковы таваразварот зменшыўся на 8% год да году да $125,8 млрд пасля амаль двухразовага росту за папярэднія тры гады, да рэкордных $245 млрд у 2025 годзе.
«Сёлета мы фіксуем пэўнае зніжэнне ва ўзаемным гандлі», – прызнаў Аліханаў.
«Прычыны для такой дынамікі, вядома, разнапланавыя, – прадоўжыў ён. – Гэта і негатыўны ўплыў санкцыйнага, іншых формаў эканамічнага ціску звонку на нашы краіны і валацільнасць на асобных таварных рынках. Мы адзначаем і паступовае насычэнне кітайскай прадукцыяй у пэўных рынкавых сегментах, а таксама ўнутрыэканамічныя працэсы і ў Расеі, і ў Кітаі» (цытаты паводле Reuters).
Паводле вынікаў першага паўгоддзя Кітай скараціў набыццё амаль усіх ключавых сыравінных тавараў у Расеі, прыводзяць статыстыку эксперты Інстытута Гайдара. Пастаўкі нафты ўпалі на 11% (да 49,11 млн тонаў), нафтапрадуктаў – на 28% (да 5,51 млн тонаў), ЗПГ – на 13% (да 3,22 млн тонаў), драўніны – на 10% (да 4,53 млн тонаў), вугалю – на 10% (да 2)
Павялічыліся пастаўкі ў Кітай трубаправоднага газу (на 23%), а таксама прамысловых металаў: нікелю – на 94%, алюмінію – на 91%, медзі – больш чым удвая.
Пастаўкі з Кітая ў Расею таксама скараціліся – на 9%, паказваюць у Інстытуце Гайдара, у першую чаргу за кошт імпарту аўтамабіляў, які ўпаў на 61%.
Вяртання да ранейшага бурнага росту гандлю з Кітаем не будзе, мяркуе Аліханаў. «У сярэднетэрміновай перспектыве нам трэба чакаць больш памяркоўных, чым раней, тэмпаў росту ўзаемнага гандлю з паслядоўным павелічэннем дзелі высокатэхналагічнай і інавацыйнай прадукцыі», – сказаў ён.