Прэзідэнт Літвы прапанаваў прызначыць пэўную дату ўступлення Украіны ў ЕЗ
- 19.08.2025, 20:51
На ягоную думку, гэта стане важным сігналам для Кіева.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў прызначыць пэўную дату ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Звяз. На ягоную думку, гэта стане важным сігналам для Кіева.
Пра гэта паведамляе LRT.
Падчас анлайн-пасяджэння кіраўнікоў Еўрапейскай рады Наўседа прапанаваў прызначыць канкрэтную дату ўступлення Украіны ў ЕЗ і адкрыць першы кластар перамоваў ужо ў верасні 2025 года.
«Гэта быў бы сігнал, які вельмі важны для Украіны. Мы павінны задзейнічаць яе ў працэсе перамоваў, усталяваўшы пэўны тэрмін сяброўства ў ЕЗ – 2030 год», – сказаў ён.
Таксама Наўседа адзначыў тое значэнне, якое маюць гарантыі бяспекі для Украіны. Падтрымка ЗША і магчымасць разгортвання ва Украіне міратворчых сілаў заўсёды былі ключавой умовай. Пасля сустрэчы ў Вашынгтоне 18 жніўня гэтая перспектыва выглядае цалкам рэальнай.
Акрамя гэтага, літоўскі прэзідэнт заклікаў пакараць расейскі рэжым за вайну ва Украіне і не аслабляць ціск на Крэмль.
«Мы павінны як мага хутчэй прыняць 19-ы пакет санкцыяў. Справядлівага і трывалага міру не будзе, калі Расея застанецца бяскарнай. Замарожаныя расейскія актывы павінныя быць выкарыстаныя для патрэбаў Украіны», – дадаў Наўседа.