Маладымі беларускімі футбалістамі зацікавіліся клубы з Італіі, Партугаліі і Бельгіі
- 19.08.2025, 20:41
Адразу два гульцы з нашай краіны патрапілі на радары клубаў топавых чэмпіянатаў.
Беларускі нападнік Ілля Губарэвіч паспрабуе замацавацца ў партугальскай «Браге».
Як паведамляе журналіст Тарас Шчыры, 18-гадовы футбаліст пройдзе трэніровачны збор з юнацкай і маладзёвай камандамі клуба.
Губарэвіч з'яўляецца выхаванцам магілёўскага «Дняпра».
У 2023 годзе ён перайшоў у акадэмію АБФФ, дзе ў гэтым сезоне правёў 18 матчаў за яе каманду ў Першай лізе, забіў 11 галоў і аддаў дзве галявыя перадачы.
У жніўні форвард заключыў кантракт з дзяржынскім «Арсеналам», але за каманду Betera Найвышэйшай лігі пакуль не згуляў.
У складзе каманды Беларусі да 19 гадоў Губарэвіч вызначыўся шасцю галамі ў чатырох матчах.
Абаронца менскага «Дынама» Павел Апяцёнак звярнуў увагу «Кальяры» і «Андэрлехта».
Пра гэта паведаміў расейскі журналіст Анар Ібрагімаў.
Паводле звестак крыніцы, менскі клуб ацэньвае свайго футбаліста прыкладна на 300 тысячаў еўраў.
У гэтым сезоне Апяцёнак правёў за «Дынама» 11 сустрэчаў ва ўсіх турнірах, адзначыўшыся голам, дзейснай перадачай і адным папярэджаннем.
«Кальяры» закончыў чэмпіянат Італіі 2024/25 на 15-й пазіцыі з 36 баламі.
«Андэрлехт» заняў чацвёртае месца ў бельгійскай Пра-Лізе.
Нагадаем, бельгійскі клуб раней перасякаўся з «Дынама» ў Лізе Еўропы.
У 2024 годзе менчукі пацярпелі дзве паразы (0:1, 0:1).