Макрон назваў Пуціна людаедам
- 19.08.2025, 19:48
Прэзідэнт Францыі жорстка выказаўся пра дыктатара РФ.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Расея ператварылася ў няспынную дэстабілізавальную сілу і патэнцыйную пагрозу для многіх краінаў Еўропы. Ён заклікаў еўрапейцаў не быць наіўнымі ў дачыненні да Крамля і зазначыў, што наступныя два тыдні крытычна важныя для вызначэння гарантый бяспекі Украіны.
Паводле інфармацыі Le Figaro, Макрон у аўторак у інтэрв'ю тэлеканалу LCI ахарактарызаваў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна як «драпежніка, людаеда ля нашай брамы», які павінен прадаўжаць харчавацца дзеля ўласнага выжывання.
«Такім чынам, у тым ліку для ўласнага выжывання, яму трэба прадаўжаць есці. Вось і ўсё. І таму гэта драпежнік, гэта людаед каля нашай брамы. Я не кажу, што заўтра гэта будзе напад на Францыю, але ўрэшце гэта пагроза для еўрапейцаў (...) Мы не павінны быць наіўнымі», – растлумачыў ён.
Французскі лідар падкрэсліў, што з 2007–2008 гадоў Пуцін рэдка прытрымліваўся сваіх абяцанняў, увесь час імкнуўся мяняць межы і пашыраць уладу.
Таксама ён адзначыў, што Расея выдаткоўвае блізу 40% бюджэту на ўзбраенне і мае войска колькасцю больш за 1,3 мільёна вайскоўцаў, што сведчыць пра адсутнасць гатоўнасці да міру або адкрытага дэмакратычнага ўладкавання. Ён таксама падкрэсліў, што гэта не азначае непасрэднай пагрозы для Францыі, але палітыка Крамля стварае няспынную рызыку для ўсёй Еўропы.