«Раз у жыцці такое бывае!»
- 19.08.2025, 17:49
Рыбак з Магілёва злавіў два дзясяткі вялікіх лінёў.
Важкі ўлоў прынесла чарговая рыбалка для магіляўчаніна Віталя Шведа. Мужчына лавіў у адной са старыцаў Сожа і выцягнуў пару дзясяткаў буйных лінёў.
На рыбалку Віталь паехаў 18 жніўня. Як піша выданне fishingby.com, ён лавіў з лодкі на паплавочкі, загадзя закарміўшы два месцы. Лін пачаў дзяўбці актыўна. У лодцы рыбака мы налічылі не менш за 20 асобінаў рыбы.
Мужчына прызнаўся, што ў такой колькасці на паплавочкі буйную рыбу ён яшчэ не лавіў. Пасля рыбалкі практычна ўсе ліні былі адпраўленыя назад у Сож. У спецыялізаваным пабліку «Рыбалка ў Беларусі» фота ўлову Віталя сабрала мноства каментароў. Вось некаторыя з іх:
«Раз у жыцці такое бывае!»
«Чаму ён, а не я?»
«Вось гэта адарваўся дзядзька на вуду!»
«Такія раздачы бываюць раз за жыццё. Прыгажосць!»