«Кааліцыя гатовых» анансавала абмеркаванне з ЗША гарантый бяспекі для Украіны
- 19.08.2025, 17:04
Мэта – забяспечыць справядлівы і доўгі мір для Украіны.
Лідары дзяржаваў «кааліцыя гатовых» на сустрэчы ў аўторак дамовіліся ў найбліжэйшы час правесці перамовы з ЗША наконт «надзейных гарантый бяспекі» для Украіны, паведамілі ў брытанскім урадзе.
Брытанскі прэм'ер-міністр Кір Стармер падчас віртуальнай сустрэчы «кааліцыя гатовых» заявіў, што ўсе яе ўдзельнікі «маюць агульную мэту – забяспечыць справядлівы і доўгі мір для Украіны».
«У найбліжэйшыя дні групы планавання “кааліцыя гатовых” сустрэнуцца з амерыканскімі калегамі, каб прадоўжыць падрыхтоўку канкрэтных планаў прапановы надзейных гарантый бяспекі і падрыхтавацца да разгортвання міратворчых сілаў у выпадку спынення баявых дзеянняў», – паведамілі на Даўнінг-стрыт.
Сярод іншых тэмаў абмеркавання на сустрэчы «кааліцыя гатовых» было ўзмацненне санкцыйнага ціску на Расею, пакуль яна «не прадэманструе гатоўнасць ужыць сур'ёзныя захады для спынення незаконнага ўварвання» ва Украіну.
Відэаканферэнцыя «кааліцыя гатовых» стала прадаўжэннем учорашняй сустрэчы ў Вашынгтоне і прадаўжэннем кансультацый у пытанні гарантый бяспекі для Украіны.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармер мяркуюць, што найважнейшым вынікам перамоваў у Белым доме была гатоўнасць ЗША працаваць над гарантыямі бяспекі для Украіны.