BE RU EN

«Калі б мяне ўзялі раней – я пайшоў бы і ў 15»

  • 19.08.2025, 16:30

Гутарка з самым маладым воінам палка Каліноўскага.

Андрэю Турцэвічу,/b> 18 гадоў. Кажа, што да палка Каліноўскага ён далучыўся адразу на свой дзень нараджэння – восем месяцаў таму. Але цяпер ён прыехаў у Польшчу, каб прадоўжыць навучанне ва ўніверсітэце. «Радыё Рацыя» паразмаўляла з маладым чалавекам пра ягоную пастанову далучыцца да войска, беларускі пашпарт, стаўленне да вайны.

– Чаму, маючы 18 гадоў, вы пастанавілі пайсці ў полк Каліноўскага? Я адзначу, Андрэй – грамадзянін Беларусі, але амаль усё свядомае жыццё пражыў ва Украіне.

– Так, я жыву ва Украіне з 2008 года, валодаю ўкраінскай мовай, а вось беларускую, на жаль, пакуль не вывучыў. Гісторыя, чаму я так пастанавіў, даволі банальная: я вучыўся ў Польшчы, у Варшаве, скончыў першы курс і зразумеў, што не магу проста сядзець, нічога не рабіць, назіраць, як маім сябрам цяпер вельмі цяжка. Таму я ўзяў акадэмічны адпачынак, вярнуўся ва Украіну, прайшоў падрыхтоўку і падаў заяўку.

– А чаму менавіта полк Каліноўскага?

– Па-першае, у мяне ўзніклі складанасці з дакументамі, бо я – грамадзянін Беларусі. Па-другое, там ужо быў мой бацька, і я плюс-мінус ведаў, як там усё працуе, таму таксама абраў полк Каліноўскага.

– Як бацькі паставіліся да такой пастановы?

– Насамрэч вельмі спакойна, таму што ў нас у сям'і ўсе даволі баявыя. Мама нават жартуе, што калі б не малодшая дачка (ёй цяпер шэсць гадоў), яна таксама пайшла б, хоць бы ў медыцынскую службу. Яны мяне падтрымалі. Папрасілі толькі, каб я не ішоў у пяхоту. Цяпер асабліва цяжка быць у пяхоце: яны амаль не страляюць, больш сядзяць і хаваюцца, таму што ідзе вайна дронаў, і калі цябе ўбачаць – будуць старацца знішчыць.

,b>– Але для таго, каб пайсці, патрэбная была падрыхтоўка?

– Спецыяльна да вайны я не рыхтаваўся, але фізічная падрыхтоўка ў мяне была. Гэта сямейная традыцыя: маці – майстар спорту ў плаванні, бацька займаўся біятлонам. Я ж – пяцібор'ем: плаванне, бег, стральба, фехтаванне і конны спорт.

Я прадстаўляў Украіну на міжнародных спаборніцтвах: другі на юніёрскім чэмпіянаце свету і трэці на чэмпіянаце Еўропы.

– Фізічную падрыхтоўку вы мелі, астатняму навучылі ўжо ў палку?

– Так, у нас была выдатная падрыхтоўка: нас рыхтавалі два месяцы. Мяне нават называлі «суперрэкрутам», таму што фізічная форма была вельмі добрая. Я заўсёды любіў мілітарныя рэчы, страляніну, таму і матывацыя была моцная. Думкі пра вайну з'явіліся ў самым пачатку, 24 лютага 2022 года мне было 15 гадоў. Я ўжо тады марыў дапамагаць, прасіў бацьку – пойдзем, возьмем аўтамат, які раздавалі ў Тэраабароне. Калі б мяне ўзялі ў войска малодшым – я і тады пайшоў бы.

Думкі не змяніліся з таго часу. Калі я паступаў у Польшчу, я на 90–95% быў упэўнены, што скончу першы курс, вазьму акадэмічны адпачынак і вярнуся ва Украіну.

– Матывацыя была вельмі моцнай. Але ўжо калі патрапіў на месца, з'явіліся новыя пачуцці, мусіць, кожнага наведвае страх, ці не так?

– Так, страх быў. На маім першым выездзе страх быў вельмі моцны. Але мяне нашая каманда падтрымлівала, супакойвалі, казалі, што ўсё будзе добра.

Пасля таго першага выезду адбылася гісторыя: нам загадалі памяняць пазіцыю, і наш камандзір з яшчэ адным хлопцам паехалі забіраць абсталяванне, перавозіць яго на новае месца, і менавіта ў той момант па іх ударыў дрон. Яны клікалі мяне ехаць разам, але так атрымалася, што мая лянота тады мяне выратавала – я не паехаў.

Пасля гэтага, натуральна, таксама было страшна, але да такіх рэчаў даволі хутка абвыкаеш. Разумееш, навошта ты тут, прымаеш гэта ўсё, і з цягам часу вялікі страх адыходзіць. Так, лёгкае хваляванне, адрэналін – ёсць, але хутка абвыкаеш і ўжо не страшна настолькі.

– А як ставіліся да цябе ўнутры палка, як да самага маладога?

– Калі шчыра, ніяк асабліва не ставіліся. У нас у палку ўсе размаўляюць выключна праз поклічы, амаль ніхто нічога не ведае пра жыццё іншых за межамі каманды, акрамя блізкіх сяброў. Уся камунікацыя – пра справу, ваенную працу, дроны. Мала хто ведаў пра маю гісторыю: я быў звычайным, ціхім хлопцам, проста слухаў, рабіў сваю працу, асабліва нічога не гаварыў.

– Чым ты канкрэтна ў апошні час займаўся?

– Так, я быў пілотам дронаў-камікадзэ, але ў нашай камандзе мы працавалі паводле чаргі: нехта аператар рэле, нехта пілатуе, нехта штурман, нехта рыхтуе самі дроны. Я вельмі хутка ўсяму навучыўся, дзякуючы аднаму хлопцу ў камандзе, ягоны покліч «Рык». Ён хутка і якасна ўсё мне растлумачыў, дапамог – таму я ўжо на трэці дзень зрабіў свой першы вылет і на рэтранслятары, і на дроне-камікадзэ. Так што, калі шчыра, не так складана, калі ёсць каму дапамагчы, але ўсё ж трэба ўважліва і старанна запамінаць алгарытм, як усё працуе.

– А як складана было прывыкнуць да ваеннага побыту, да жыцця на вайне?

– Цяпер гэта, як я ўжо казаў, перш за ўсё вайна дронаў, і самае небяспечнае – гэта заезд і выезд з пазіцыі, таму што ніколі не ведаеш, дзе і калі з'явіцца расейскі дрон.

Але калі ўжо знаходзішся на месцы – усё як заўсёды, усё як у вёсцы: мыешся з бутэлек, прыбіральня – на прыродзе, спіш на падлозе. Нічога звышнатуральнага, простае жыццё на вайне.

Апошнія навіны