TWZ: Украіна гатовая біць «Фламінга» па Маскве і Санкт-Пецярбургу
- 19.08.2025, 15:59
СПА РФ сутыкнецца з новым выклікам.
Ва Украіне прэзентаваны новы крылаты ракетны комплекс «Фламінга», заяўлены радыус дзеяння якога складае да 3 000 км. Паводле звестак СМІ, ракета ўжо ўжывалася для ўдараў па тэрыторыі Расеі. Такое ўзбраенне здольнае падбіваць цэлі далёка за межамі дасяжнасці іншых сістэмаў, наяўных у Кіева, піша TWZ (пераклад – сайт Charter97.org).
Першае паведамленне пра «Фламінга» з'явілася на старонцы фотакарэспандэнта Associated Press Эфрэма Лукашкі ў Facebook. Пазней украінскае выданне «Украінская праўда» апублікавала відэа запуску ракеты з прычапных установак.
Паведамляецца, што маса баявой часткі дасягае 1150 кг, што робіць яе адной з самых магутных ва ўкраінскім арсенале. Падрабязнасці аб сістэме навядзення і іншых характарыстыках пакуль не раскрываюцца. Паводле словаў прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, афіцыйная інфармацыя будзе апублікаваная «ў патрэбны момант».
Эксперты адзначаюць падабенства «Фламінга» з крылатай ракетай FP-5, распрацаванай кампаніяй Milanion у ААЭ. Указваюцца аналагічныя параметры – далёкасць да 3 000 км, хуткасць блізу 900 км/г і запуск з мабільных установак.
Калі заяўленыя характарыстыкі пацвердзяцца, новая ракета дазволіць Кіеву трымаць пад прыцэлам аб'екты ў цэнтральнай і нават усходняй частцы Расеі, у тым ліку Маскву і Санкт-Пецярбург. Масавая вытворчасць такіх сістэмаў можа стаць сур'ёзным выклікам для расейскай СПА, якая ўжо мае цяжкасці з адбіццём нападаў беспілотнікаў.
З'яўленне «Фламінга» дэманструе здольнасць Украіны развіваць уласныя ўдарныя сродкі вялікай далёкасці. Аднак застаецца адкрытым пытанне, ці зможа прамысловасць забяспечыць серыйны выпуск ракеты ў дастатковых маштабах.