«Завод змену працуе, тры стаіць»
- 19.08.2025, 12:35
Жлобінскі БМЗ прастойвае.
Нязвыклую сітуацыю сталі назіраць жыхары Жлобіна: з труб Беларускага металургічнага завода перастаў увесь час ісці дым, як гэта было раней. Цяпер завод дыміць толькі час ад часу. Гэта азначае, што печы перыядычна выключаюць.
Відэа з непрацуючым заводам падзяліліся чытачы з рэсурсам zhlobin.live. Тлумачэнне прычыны адсутнасці дыму «Флагшток» знайшоў у каментарах у сацсетках:
«Цяпер дыму няма, бо печкі па чарзе працуюць. Няма той загрузкі працы як гэта было раней. Вось і дыму не відаць».
«Дым ёсць толькі падчас загрузкі».
«Завод змену працуе, тры стаіць».
Карыстальнікі таксама адзначылі, што дым бачны па вечарах, часам - раніцай. У астатні час вытворчасць прастойвае.
Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб гэтым няма. У канцы ліпеня на БМЗ сцвярджалі, што паводле вынікаў першага паўгоддзя завод спрацаваў з прыбыткам. Пра гэта заяўляў намеснік генеральнага дырэктара Сяргей Цярлецкі на сустрэчы з калектывам аднаго з падраздзяленняў прадпрыемства.
З яго слоў, «па выніках паўгоддзя завод захаваў баланс, паказаўшы прыбытковую работу, мы працягваем ісці наперад».
Таксама ён адзначыў, што «задача - захоўваць устойлівасць пры ўсякай турбулентнасці і заставацца канкурэнтаздольнымі».
Праблемная сітуацыя склалася на заводзе праз падзенне вытворчасці. Увесну працаўнікоў некаторых цэхаў сталі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт, у жніўні зрушылі тэрміны выдачы заробкаў.