BE RU EN

Пастаўкі расейскай нафты па «Дружбе» ў Беларусь спыненыя?

  • 19.08.2025, 17:29

Што вядома на гэты момант.

Пасля двух удараў УСУ па аб'ектах нафтаправода «Дружба» ў Расеі спынілася перапампоўванне нафты ў краіны Еўразвязу, заявілі 18 жніўня ва Украіне, Вугоршчыне і Славаччыне. Буйны вузел нафтаправода знаходзіцца ў Мазыры Гомельскай вобласці, піша «Флагшток».

Спачатку міністр замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта напісаў у Facebook, што «Украіна зноў атакавала нафтаправод, які вядзе ў Вугоршчыну, што прывяло да спынення паставак нафты ў краіну». Ён спаслаўся на намесніка міністра энэргетыкі Расеі Паўла Сарокіна, які абвясціў, што расейскія эксперты працуюць над «хутчэйшым аднаўленнем трансфарматарнай станцыі», неабходнай для функцыянавання трубаправода, а таксама паскардзіўся, што пакуль невядома, калі будуць адноўленыя пастаўкі.

Затым аб спыненні транспартавання нафты па трубаправодзе «Дружба» абвясціла славацкая нафтавая кампанія Transpetrol, згодна з якой «праблема знаходзіцца за межамі славацкай тэрыторыі».

Неўзабаве ва Украіне заявілі, што «Дружба» цалкам спынілася пасля таго, як сілы абароны нанеслі ўдар па нафтаперапамповачнай станцыі «Мікольскае» ў Тамбоўскай вобласці.

Раней, 12 жніўня, украінскія беспілотнікі атакавалі лінейна-вытворча-дыспетчарскую станцыю «Унеча» ў Бранскай вобласці. Тады, як сцвярджалі ў Вугоршчыне, перапампоўванне нафты таксама спынілася, але неўзабаве было адноўленае. Цяпер, мяркуючы з афіцыйных заяў, праца нафтаправода спынілася цалкам.

Інфаграфіка: Флагшток

Што гэта значыць для Беларусі? «Дружба», найбуйнейшая ў свеце сістэма магістральных нафтаправодаў, праходзіць праз Мазыр, дзе трубаправод падзяляецца на паўночную і паўднёвую галіны. Паўночная ідзе ў Польшчу і Нямеччыну, паўднёвая - ва Украіну, Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну і Харватыю. У Мазыры таксама знаходзіцца галаўная станцыя «Гомельтранснафта Дружба», дзе адбываецца разгалінаванне плыні нафты і адкуль сыравіна паступае на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (МНПЗ).

Гэта значыць, прыпыненыя пастаўкі не толькі ў Еўропу праз Беларусь, але і на мазырскі завод. Праўда, МНПЗ мае ўласны буйны рэзервуарны парк, таму, імаверна, пакуль не адчуе праблемы з сыравінай. Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб гэтым няма.

Тое ж тычыцца і «Дружбы» - аб інцыдэнце маўчаць як расейскія, так і беларускія прадстаўніцтвы кампаніі. Адна з апошніх навін на сайце «Гомельтранснафты Дружбы» — аб правядзенні тактыка-спецыяльнага вучэння па адпрацоўцы аператыўнага плана пажаратушэння на рэзервуарных парках у Мазыры.

Вучэнні ў Мазыры. Фота: «Гомельтранснафта Дружба»

УСУ не першы раз атакуюць нафтаправод «Дружба» ў Расеі, але раней кампаніі ўдавалася забяспечыць бесперапынную падачу нафты спажыўцам - за кошт дублявання абсталявання і нафтасховішчаў пры лінейных вытворча-дыспетчарскіх станцыях. Сістэма валодае значным запасам трываласці. На аб'ектах нафтаправода ёсць некалькі помпавых станцый, у кожнай некалькі помпаў. Таму ўдар па помпе ці па рэзервуары можна параўнаць толькі з планавым рамонтам.

Аднак на гэты раз, калі верыць публічным заявам, са строю выведзеная трансфарматарная станцыя, што стала крытычным для сістэмы.

Апошнія навіны