Бізнэсовец, які ўцёк з Украіны, карыстаўся паслугамі банка партманэта Лукашэнкі
- 19.08.2025, 11:01
Што звязвае Пятра Дымінскага і Беларусь.
Украінскі бізнэсовец Пётр Дымінскі, які хаваецца ад крымінальнага пераследу на радзіме, меў бізнэс-інтарэсы ў Беларусі, высветлілі журналісты Беларускага цэнтра расследаванняў. Мясцовыя банкі ён выкарыстоўваў для шматмільённых угодаў, у тым ліку з партнёрам кума Уладзіміра Пуціна і кампаніяй, якая гандлюе зброяй.
Дымінскі валодаў доляй сеткі АЗС WOG і тэлеканалам ZIK TV. Ён уцёк з Украіны ў 2017 годзе пасля таго, як патрапіў у ДТЗ у Львоўскай вобласці. Пасля ўцёкаў ад арышту ў Еўропу ўкраінец працягваў актыўны бізнэс.
У 2019 годзе Дымінскі прадаў тэлеканал ZIK TV, які належаў яму, прарасейскаму дэпутату Тарасу Казаку — блізкаму паплечніку кума Пуціна Віктара Медзведчука. У 2021 годзе ўкраінскія ўлады заблакавалі вяшчанне канала.
Згодна з дакументамі кіпрскай кампаніі Дымінскага Ablemark Limited, сума ўгоды па продажы тэлеканала склала 27,5 млн даляраў. У злітых звестках Cyprus Confidential журналісты выявілі, што перавод прайшоў праз беларускае ЗАТ «Абсалютбанк». Ім тады валодаў бізнэсовец, партманэт Лукашэнкі Мікалай Варабей - фігурант санкцыйных спісаў, якога журналісты называюць партнёрам Віктара Медзведчука.
Атрыманыя сродкі Ablemark Limited накіравала на выдачу шматмільённых пазык розным фірмам. Адным з пазычальнікаў стала Jikinto Limited, у лютым 2020 года атрымала беспрацэнтны крэдыт на як мінімум 2,6 млн еўраў. Праз месяц сербскае Міністэрства гандлю дало кампаніі дазвол на экспарт зброі з Сербіі. У тым жа годзе Jikinto Limited паставіла зброю з дзяржаўных сербскіх заводаў Міністэрству абароны Уганды на агульную суму блізу 10 мільёнаў даляраў ЗША.
Калі Jikinto Limited вяртала частку пазыкі, перавод быў здзейснены праз іншы беларускі банк, ААТ «Банк БелЗЭБ».
Беларускі след у гісторыі Дымінскага праявіўся не толькі праз банкі, якія ўдзельнічалі ў разліках з кампаніямі, якія гандлююць зброяй. Праз Ablemark Limited ён вёў перамовы аб набыцці беларускага ЗАТ «БТА Банк», знайшлі журналісты ў зліве звестак Cyprus Confidential. Угода не адбылася: у чэрвені 2024 года БТА Банк набыла кампанія ТАА «SNRG Capital Eurasia», да якой Дымінскі не меў дачынення.