Зяленскі ўручыў Трампу падарунак, перададзены воінам УСУ
- 19.08.2025, 10:44
Прэзідэнт ЗША не застаўся ў даўгу.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы ў Белым доме 18 жніўня абмяняліся падарункамі. Пра гэта гаворыцца на сайце прэзідэнта Украіны.
Так, адзначаецца, што Зяленскі падарыў Трампу клюшку для гульні ў гольф, якую яму перадаў малодшы сяржант УСУ Канстанцін Картаўцаў.
Са слоў прэзідэнта Украіны, воін страціў нагу ў першыя месяцы поўнамаштабнага расейскага ўварвання, ратуючы пабрацімаў, і пасля гэтага гольф стаў для яго часткай рэабілітацыі і дапамог аднавіць фізічную і эмацыйную раўнавагу.
У паведамленні гаворыцца, што кіраўнік дзяржавы паказаў амерыканскаму лідару відэа, у якім Картаўцаў звяртаецца з просьбай да Трампа дапамагчы Украіне скончыць вайну справядлівым і працяглым мірам.
У сваю чаргу, прэзідэнт ЗША прыняў падарунак і запісаў відэа з падзякай украінскаму воіну за клюшку, а таксама падарыў Зяленскаму сімвалічныя ключы ад Белага дома.