Стармер назваў два галоўныя вынікі ад сустрэчы Зяленскага і Трампа
- 19.08.2025, 10:00
Прэм'ер Брытаніі адзначыў рэальны прагрэс на саміце.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер пракаментаваў сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і ЗША Уладзіміра Зелянскага і Дональда Трампа ў Вашынгтоне з еўрапейскімі лідарамі і адзначыў дасягненне «рэальнага прагрэсу» на саміце.
Як піша The Guardian, у выступе пасля мерапрыемства Стармер ахарактарызаваў перамовы як «добрыя і канструктыўныя», дадаўшы, што «паміж еўрапейскімі лідарамі, якія прысутнічалі на саміце, прэзідэнтам Трампам і прэзідэнтам Зяленскім было адчувальнае пачуццё адзінства».
Пры гэтым прэм'ер Брытаніі выдзеліў «два істотныя вынікі» перамоў.
Па-першае, кааліцыя ахвочых «цяпер будзе працаваць з ЗША» над гарантыямі бяспекі, адзначыў ён.
«Гэта сапраўды важна для бяспекі Украіны, для бяспекі Еўропы і для бяспекі Вялікай Брытаніі», – падкрэсліў Стармер.
Другім важным вынікам ён назваў згоду аб правядзенні сустрэчы Зяленскага і Пуціна, у якой возьме ўдзел Трамп.
«Гэта прызнанне прынцыпу, што ў некаторых з гэтых пытанняў, ці то тэрыторыя, ці абмен палоннымі, ці вельмі сур'ёзнае пытанне аб вяртанні дзяцей, Украіна павінна быць за сталом перамоў. Гэта былі два найбольш важныя вынікі сённяшняга дня. Гэта станоўчыя вынікі, было рэальнае пачуццё еднасці. Сёння мы дабіліся рэальнага прагрэсу», - падкрэсліў ён.