Крэмль хоча спачатку двухбаковую сустрэчу з Украінай, а потым - трохбаковую
- 19.08.2025, 9:03
Кіеў гатовы да розных фарматаў.
Расея прапанавала спачатку правесці двухбаковую сустрэчу на ўзроўні лідараў. Затым Масква хоча сустрэчу ў трохбаковым фармаце з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пасля перамоў у Белым доме.
«Прэзідэнт ЗША звязаўся з расейскім бокам, і прагаварыў, якія могуць быць дыпламатычныя крокі. Расея прапанавала спачатку двухбаковую сустрэчу Украіна-Расея, а потым трохбаковую. Мы гатовыя да ўсякіх фарматаў, на ўзроўні лідараў, бо толькі на ўзроўні лідараў мы можам развязаць усе складаныя і балючыя пытанні», - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна гатовая да двухбаковай сустрэчы з дыктатарам Уладзімірам Пуціным і да трохбаковай, але пытанне ў тым, як пройдзе двухбаковая сустрэча.
«Мы не ведаем ніякіх дэталяў аб двухбаковай сустрэчы. Мы з прэзідэнтам ЗША прагаворвалі пытанне, што ўсе бакі павінны прадэманстраваць жаданне заканчэння вайны. І жаданне заканчэння вайны - гэта дыпламатычная сустрэча на ўзроўні лідараў», - дадаў Зяленскі.
З яго слоў, калі адзін ці другі бок не будзе дэманстраваць жаданне сустрэцца, то Украіна просіць ЗША дзейнічаць адпаведна. Размова ідзе аб ціску з амерыканскага боку.
Пры гэтым Зяленскі дадаў, што «мы разумеем, якія фарматы могуць быць, таму ёсць імавернасць, што наша сустрэча можа адбыцца».
«Калі Украіна будзе пачынаць ставіць умовы па сустрэчы нейкія глабальныя, безумоўна, справядлівыя, па сізфаеру і г.д., то ў расейцаў з'явіцца сто ўмоў з іх боку. Таму я думаю, што без якіх-небудзь умоў мы павінны сустрэцца і падумаць, якое ёсць развіццё гэтага шляху да заканчэння вайны», - заявіў прэзідэнт Украіны.
Калі Трамп патэлефанаваў Пуціну
Паводле слоў Зяленскага, спачатку была размова ў двухбаковым фармаце, а потым - у пашыраным, калі бакі больш падрабязна абмеркавалі крокі па гарантыях бяспекі і магчымых сустрэчах.
«І пасля гэтага прэзідэнт Трамп сказаў, што я зараз пайду і буду абмяркоўваць гэта з Расеяй, з Пуціным, каб вярнуцца да вас з фідбэкам, і мы прагаварылі фідбэк. Пасля гэтага вярнуліся ў Авальны кабінет разам з прэзідэнтам, прэзідэнт (Трамп, - рэд.) сказаў, што прапануецца двухбаковы фармат, а затым пяройдзем да трохбаковага», - растлумачыў прэзідэнт Украіны.
Даты сустрэчы яшчэ няма
«Дата не ўстаноўленая, мы толькі пасля гэтай прадуктыўнай сустрэчы з прэзідэнтам і іншымі нашымі калегамі, што курс ідзе на трохбаковую сустрэчу, і калі Расея прапанавала прэзідэнту ЗША спачатку двухбаковую сустрэчу, Украіна ніколі не спыніцца на шляху да міру, Украіна гатовая да ўсякага фармату, але на ўзроўні прэзідэнтаў», – заявіў Зяленскі.