Трамп расказаў, хто будзе плаціць за зброю для Украіны
- 18.08.2025, 21:39
Прэзідэнт ЗША таксама ўзняў тэму гарантый бяспекі для Кіева.
За амерыканскую зброю, якая пастаўляецца Украіне, будзе плаціць NATO, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім у Белым доме.
«Мы прадаем тэхніку NATO, а NATO – што робіць? Я не ведаю, якая ў вас дамоўленасць. Але я ведаю, што яны хочуць, каб у вас была гэтая тэхніка. Мы пастаўляем найлепшае абсталяванне ў свеце, і яны плацяць нам за яго», – сказаў ён, звяртаючыся да Зяленскага.
Украінскі прэзідэнт падзякаваў Еўропе за магчымасць набываць амерыканскую зброю праз NATO. Ён дадаў, што ёсць і іншыя праграмы, якія даюць магчымасць умацаваць украінскае войска. Прэзідэнт Украіны заявіў, што разглядае гэта як частку гарантый бяспекі.
Трамп падчас прэс-канферэнцыі расказаў, што на сённяшняй сустрэчы мае намер абмеркаваць гарантыі бяспекі Украіны. «Мы забяспечым ім вельмі добрую абарону, вельмі надзейную ахову. Гэта частка нашай працы. І людзі, якія нас чакаюць (еўрапейскія лідары, якія прыбылі ў Белы дом. – Заўв.), я думаю, яны нашы аднадумцы. Яны хочуць дапамагчы», – дадаў ён.