BE RU EN

Чацвёрты буйны расейскі НПЗ спыніў перапрацоўку нафты

  • 18.08.2025, 19:48

З прычыны ўдару БПЛА.

Сызранскі НПЗ "Раснафты" ў Самарскай вобласці спыніў перапрацоўку нафты пасля нападу беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) 15 жніўня, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, у выніку налёту атрымала пашкоджанні адна з двух установак першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-6, на якую прыпадае 70% магутнасці завода (17,1 тысяч тон у содні).

Рамонт будзе працягваць прынамсі да канца гэтага месяца, паведамілі крыніцы Reuters. З іх слоў, завод можа паспрабаваць запусціць другую ўстаноўку (АВТ-5) магутнасцю 7, 1 тысяч тон у содні.

Сызранскі НПЗ магутнасцю 8,5 млн. тон у год стаў чацвёртым буйным НПЗ, які спыніў вытворчасць праз налёты дронаў.

2 жніўня поўнасцю спыніў выпуск паліва Навакуйбышаўскі НПЗ “Раснафты”; 11 жніўня спыніў працу Саратаўскі НПЗ; 15 жніўня стала вядома, што прыпыніў прыём нафты Валгаградскі НПЗ “Лукойла” - найбуйнейшы на поўдні Расеі, які ўваходзіць у топ-10 ў краіне.

Акрамя гэтага, з 2 жніўня палову магутнасцяў спыніў Разанскі НПЗ – найбуйнейшы ў “Раснафце”. Ён забяспечвае палівам маскоўскі рэгіён. Атакам БПЛА падвергліся таксама Славянскі НПЗ і Афіпскі НПЗ.

Сумарная магутнасць цалкам спыненых НПЗ, паводле падлікаў The Moscow Times, складае 38, 3 млн. тон - а гэта 14% агульнага аб'ёму нафтаперапрацоўкі ў Расеі ў мінулым годзе (267 млн. тон, паводле падлікаў Reuters).

Апошнія навіны