Зяленскі: Пачуць «стоп» павінна менавіта Масква
- 18.08.2025, 14:31
Прэзідэнт Украіны пракаментаваў новыя расейскія ўдары.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў паказальнымі і цынічнымі расейскія ўдары балістыкай і дронамі па Харкаве, Запарожжы, Сумах і Адэсе ў панядзелак, 18 жніўня.
На фоне чаканых перамоў у Вашынгтоне па заканчэнні вайны дыктатар Уладзімір Пуцін працягвае паказальна забіваць і ціснуць на Украіну і Еўропу, каб прынізіць дыпламатычныя намаганні, указаў Зяленскі.
У выніку ўдараў па Харкаве загінулі сем чалавек, сярод іх двое дзяцей. У Запарожжы вядома аб трох загінулых і 20 пацярпелых. Таксама Зяленскі пацвердзіў удар па нафтабазе SOCAR у Адэсе, назваўшы яго атакай па міжнародных стасунках і энэргетычнай незалежнасці.
«Менавіта таму патрэбныя надзейныя гарантыі бяспекі. Менавіта таму Расея не павінна атрымаць ніякай узнагароды за гэтую вайну. Вайну трэба скончыць. І пачуць „стоп“ павінна менавіта Масква», — напісаў Зяленскі ў сацсетках.