Bloomberg: Трамп хоча хуткай сустрэчы Зяленскага і Пуціна
- 18.08.2025, 10:37
Ужо на гэтым тыдні.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак, 18 жніўня, прыме прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў, каб абмеркаваць умовы патэнцыйнага мірнага пагаднення, якое ён абгаворваў з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на Алясцы.
Аб гэтым піша агенцтва Bloomberg.
Чакаецца, што ў той час як Злучаныя Штаты засяродзяцца на тэрытарыяльных саступках, якіх патрабуе Масква, Кіеў будзе імкнуцца зафіксаваць магчымыя гарантыі бяспекі, паведаміла агенцтву крыніца.
Пры гэтым еўрапейскія хаўруснікі ўстрывожаныя, бо іх магчымасці супрацьстаяць патрабаванням Трампа, якія Украіна можа адпрэчыць, абмежаваныя. Таксама яны са скептыцызмам ставяцца да таго, што Крэмль сапраўды хоча міру. У той жа час Дональд Трамп імкнецца дасягнуць хуткага мірнага пагаднення, але не растлумачыў, як менавіта.
Падчас тэлефоннай размовы прэзідэнт ЗША заявіў Зяленскаму і лідарам Еўропы, што ён адкрыты для ўдзелу ЗША ў забеспячэнні гарантый бяспекі, піша Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Ён таксама заявіў, што хоча хутка дасягнуць пагаднення і будзе заклікаць Украіну пагадзіцца на яго, з мэтай правядзення сустрэчы Пуціна і Зяленскага цягам тыдня.