CNN: Еўропа зноў спрабуе паўплываць на Трампа
- 17.08.2025, 16:17
Лідары ЕЗ рыхтуюць адзіны фронт.
Еўропа спрабуе выпрацаваць адзіны падыход, які можна будзе агучыць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў Вашынгтоне 18 жніўня. Аб гэтым гаворыцца ў аналізе сітуацыі ад тэлеканала CNN.
Еўрапейцы былі ўстрывожаныя, калі Трамп пасля сустрэчы з нелегітымным прэзідэнтам краіны-агрэсаркі Расеі Уладзімірам Пуціным адмовіўся ад прынцыпаў, узгодненых менш за тыдзень таму. Галоўны з іх палягаў у тым, што спыненне агню ва Украіне павінна папярэднічаць перамовам аб урэгуляванні.
Еўрапейцы не сталі пярэчыць яму публічна і паспрабавалі падкрэсліць пазітыўны момант - згоду Трампа на ўдзел ЗША ў гарантыях бяспекі для Украіны пасля ўкладання ўгоды, гаворыцца ў публікацыі.
Аднак, пакуль Трамп спяшаецца арганізаваць трохбаковы саміт з Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, Пуцін не спяшаецца спыняць вайну. Ён не пайшоў ні на якія саступкі падчас сустрэчы на Алясцы, а Трамп не стаў на яго ціснуць. Таму Масква натхнёная вынікамі сустрэчы, піша CNN.
«Балтыйская васьмёрка» ўрадаў краін Паўночнай Еўропы зноў падкрэсліла: «Дасягненне справядлівага і трывалага міру патрабуе спынення агню і надзейных гарантый бяспекі для Украіны».
Перад тымі, хто будзе суправаджаць Зяленскага ў Авальны кабінет, стаіць незайздросная задача - паспрабаваць пераканаць Трампа ў еўрапейскіх прынцыпах, з якімі ён ужо пагадзіўся на мінулым тыдні.