BE RU EN

У Крыме і Забайкаллі пачалі прадаваць бензін з талонамі

  • 17.08.2025, 14:11

АЗС абмежавалі продаж АІ-95, дэфіцыт расце разам з коштамі.

Бензін на аўтазаправачных станцыях (АЗС) Крыма і Забайкальскага краю праз нястачу сталі прадаваць толькі прадпрыемствам і арганізацыям з карткамі, паведамляе «Крымскі вецер». Паводле словаў жыхароў анэксаванага Крыма, бензін АІ-95 знік з большасці заправак на паўвостраве, а на тых, дзе ён яшчэ ёсць, продажы ажыццяўляюцца «ў асноўным, з талонамі ад прадпрыемстваў». Адзначаецца, што кошт на 95-ы бензін прыкметна вырас – на некаторых АЗС ён падаражэў да 69,95 рублёў за літр.

Падобная сітуацыя ў гарадах Краснакаменск і Борзя ў Забайкаллі. Адзін з мясцовых жыхароў расказаў аб спыненні свабоднага продажу бензіну АІ-95 на шэрагу АЗС. «У Краснакаменску ні на адной запраўцы няма 95-га бензіну. Гавораць, што скончыліся запасы. На запраўцы сеткі "Саюз і К" вісяць аб'явы, што АІ-95 даступны толькі для арганізацый. На "Нафтамаркеце" табло не гараць: ні ў Борзе, ні ў Краснакаменску. На ўваходзе таксама надпіс, што толькі для арганізацый», – паведаміў ён.

Абмежаванні на свабодны продаж 95-га бензіну на АЗС Забайкалля з'явіліся як мінімум у пачатку жніўня. Тады ў Чыце продаж АІ-95 на АЗС сеткі «Нафтамаркет» абмежавалі дзесяццю літрамі на адзін аўтамабіль. У кампаніі заяўлялі, гэта абумоўлена «нястачай гэтага віду паліва на складах».

Паводле звестак Забайкалкрайстата, у ліпені 2025 года АІ-95 падаражэў на 8% у параўнанні з тым жа месяцам 2024-га. Пры гэтым за тыдзень 5–11 жніўня рост кошту склаў 2,2%.

У Крыме, паводле маніторынгавых рэсурсаў, рост коштаў 95-га бензіну прыкметна паскорыўся з 7 жніўня. У пачатку месяца кошт гэтага віду паліва на АЗС паўвострава даходзіў да 69 рублёў, у той час як у суседнім Краснадарскім краі сярэдні кошт літра АІ-95 складае 65 рублёў, а ў сярэднім па Расеі – 63 рублі.

У цэлым па Расеі кошты бензіну з пачатку гэтага года ўзляцелі на 47% на фоне памяншэння запасаў праз рэгулярныя напады дронаў УСУ на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Апошнія навіны