Крах Пуціна пад Пакроўскам: Генштаб УСУ пацвердзіў ліквідацыю прарыву РФ
- 17.08.2025, 12:16
Украінскія абаронцы вызвалілі шэраг населеных пунктаў на Данбасе.
Генштаб УСУ пацвердзіў значны поспех украінскіх падраздзяленняў на Данецкім кірунку. Спроба расейскіх войскаў прарвацца ў раёне Пакроўска закончылася крахам. Дэталі былі апублікаваныя раніцай 17 жніўня на афіцыйным канале ваеннай установы Украіны.
З 4 да 16 жніўня сілы Нацгвардыі і УСУ, у складзе якіх дзейнічаюць байцы 1-га корпуса НГУ «Азоў», правялі маштабную аперацыю і вызвалілі некалькі населеных пунктаў Данецкай вобласці. Пад кантроль Украіны вярнуліся Грузскае, Рубежнае, Новавадзяное, Пятроўка, Вяселае і Залаты Калодзезь.
Паводле звестак Генштаба, страты расейскіх войскаў за гэты перыяд былі каласальныя. Ліквідаваныя 910 акупантаў, яшчэ 335 атрымалі раненні, 37 патрапілі ў палон. Акрамя таго, знішчаная значная частка тэхнікі ворага: восем танкаў, шэсць бронемашынаў, больш за сотню аўтамабіляў і матацыклаў, адна рэактыўная сістэма залпавага агню, васямнаццаць артылерыйскіх гарматаў і дзевяноста адзін беспілотнік розных мадэляў.
Аперацыі ў раёне Дабраполля прадаўжаюцца, там ідуць стабілізацыйныя мерапрыемствы. Паводле інфармацыі Генштаба, толькі за апошні дзень падраздзяленні 19-га вайсковага корпуса УСУ паланілі шасцярых расейскіх вайскоўцаў. Цягам тыдня ўкраінскія дэсантнікі 7-га корпуса супольна з іншымі сіламі зачысцілі Пакроўск ад рэшты дыверсійных групаў ворага.
Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі РНБА Украіны Андрэй Каваленка таксама паведаміў пра поспех Сілаў абароны на Пакроўскім кірунку.
«Расейская спроба прарыву і замацавання на Данбасе канчаткова зведзеная на нішто сіламі нашага войска», – напісаў ён. Ёсць падставы меркаваць, што прарыў пад Пакроўскам расейскае войска ажыццявіла з прапагандысцкай мэтай перад самітам на Алясцы. Самагубным укліненнем у тыл Сілаў абароны акупанты фактычна загналі сябе ў акружэнне. І ўсё гэта для таго, каб дыктатар РФ Уладзімір Пуцін змог пахваліцца сваімі «поспехамі» на фронце перад прэзідэнтам Злучаных Штатаў. План поўнасцю пацярпеў крах.