Яшчэ адзін беларускі перавознік скасаваў рэйсы ў Вільню
- 17.08.2025, 12:13
Магчымасцяў даехаць да сталіцы Літвы становіцца ўсё менш.
Магілёўскі перавознік «Аўтасеўлад» скасаваў рэйсы з Магілёва ў Вільню праз Менск, паведамляе Infotrans Media Belarus.
Скасаваны рэйс на 9.30 з Магілёва, які ў 12.15 выпраўляецца з Менска.
Назад не будзе рэйсу на 15:40 з Вільні ў Магілёў. Ён таксама ідзе праз Менск.
Сэрвіс для продажу квіткоў Infobus.by вяртае поўны кошт скасаваных рэйсаў.
З якой даты скасаваныя рэйсы, не паведамляецца.
З 12 жніўня пасажыры, якія ездзяць паміж Менскам і Вільняй, сутыкнуліся з рэзкім скарачэннем колькасці рэйсаў. Прычына – абмежаванні, уведзеныя літоўскім урадам яшчэ ў 2024 годзе ў рамках рэжыму надзвычайнага становішча, але цяпер яны пачалі прымяняцца значна больш строга.
Часткова рэйсы скасавалі літоўскі перавознік Eurolines і беларускі «Менсктранс».