BE RU EN

Францыя жорстка адказала на патрабаванні Пуціна датычна Украіны

  • 17.08.2025, 11:38

Абяцанні Масквы «гарантыяй» быць не могуць.

У Францыі адпрэчылі патрабаванне РФ аб дэмілітарызацыі Украіны: Кіеў ведае гісторыю пагадненняў на паперы, патрэбнае моцнае войска

Францыя аспрэчвае патрабаванне Расеі аб дэмілітарызацыі Украіны, яе спробы мяняць межы сілай і настойвае на надзейных і дакладных гарантыях бяспекі ў рамках любога мірнага пагаднення. Абяцанні Масквы не нападаць у будучыні такой «гарантыяй» быць не могуць: і Кіеў, і еўрапейскія сталіцы выдатна ведаюць кошт пагадненням з РФ.

Таксама Крэмль не мае права ўказваць Украіне, у якія палітычныя ці ваенныя блокі ёй уступаць і якую будучыню будаваць. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце La Tribune заявіў французскі міністр-дэлегат у справах Еўропы Бенжамен Адад (пераклад – obozrevatel.com).

Пазіцыя Францыі датычна параметраў будучага мірнага пагаднення

Інтэрв'юер спытаў у Адада, ці існуе небяспека, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе ціснуць на Кіеў з патрабаваннем прыняць ультыматум Масквы, уключаючы «абмен тэрыторыямі» – пасля таго, як ён пасля сустрэчы з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным раптам адмовіўся ад ідэі першачарговага спынення агню, якую раней высунуў сам.

Французскі чыноўнік у адказ акрэсліў прынцыповыя параметры магчымага мірнага пагаднення з гледзішча Кіева і ягоных еўрапейскіх хаўруснікаў. Ключавымі застаюцца вяршэнства міжнароднага права і дзейсныя гарантыі бяспекі.

«Украіна павінна прымаць пастановы наконт сваёй будучыні на сваёй тэрыторыі. Але мы не можам пагадзіцца на змены межаў сілай. Больш за тое, любая дамова павінна суправаджацца выразнымі гарантыямі бяспекі для стрымлівання будучай расейскай агрэсіі. Будапешцкі мемарандум, Менскія дамовы: украінцы ведаюць сваю гісторыю пагадненняў на паперы, адданых Масквой, і справядліва не хочуць паўзы, якую Расея выкарыстоўвае для пераўзбраення і падрыхтоўкі да наступнай вайны», – адзначыў Адад.

Над гэтымі гарантыямі цяпер Францыя працуе з Вялікай Брытаніяй і іншымі партнёрамі Кааліцыі ахвотных, адзначыў міністр. Ён таксама падкрэсліў, што з гледзішча бяспекі выключнае значэнне набывае існаванне моцнага і баяздольнага ўкраінскага войска.

«Гэта тая праца, якую мы праводзім з нашымі брытанскімі партнёрамі і Кааліцыяй ахвотных. Гэта перш за ўсё запатрабуе моцнага ўкраінскага войска, таму любое жаданне «дэмілітарызаваць» Украіну непрымальнае. І мы гатовы згуляць актыўную ролю ў падтрымцы гэтых гарантый, як неаднаразова адзначаў прэзідэнт Рэспублікі. Дональд Трамп таксама выказаў сваю падтрымку ідэі ўдзелу ў гэтых гарантыях бяспекі; гэта станоўчы крок наперад», – адзначыў французскі чыноўнік.

Таксама Адад адзначыў, што Францыя поўнасцю падтрымлівае Украіну на шляху яе ўступлення ў Еўрапейскі Звяз. І Масква не мае ніякага права ўказваць Кіеву, у якія аб'яднанні Украіна можа ўступаць і якую будучыню ёй будаваць на ўласнай зямлі для свайго народа.

Апошнія навіны