Сабаленка пакідае турнір у Цынцынаці
- 15.08.2025, 21:48
Першая ракетка свету саступіла ў чвэрцьфінале тэнісістцы з Казахстана.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не выйшла ў паўфінальную стадыю турніру WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам $5,1 млн.
Сёння ў чвэрцьфінале першая ракетка планеты саступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай, у якой дзясятая пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, – 1:6, 4:6. Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 15 хвілінаў.
У матчы за выхад у фінал спаборніцай Рыбакінай будзе польская тэнісістка Іга Свёнтэк (3-і нумар сусветнага рэйтынгу).
На гэтым турніры Арына Сабаленка перамагла чэшскую тэнісістку Маркету Вандроўшаву (59) – 7:5, 6:1, прадстаўніцу Вялікай Брытаніі Эму Радукану (39) – 7:6 (7:3), 4:6, 7:6 (7:5) і гішпанку Джэсіку Бузас Манэйра: 7:5.
Год таму ў вызначальным паядынку гэтых спаборніцтваў Арына Сабаленка перамагла амерыканку Джэсіку Пегулу. У 2013 і 2020 гадах чэмпіёнкай станавілася яшчэ адна беларуская тэнісістка – Вікторыя Азаранка.
Цяперашні турнір закончыцца 18 жніўня, яго пераможца заробіць $752,2 тыс. і 1000 рэйтынгавых балаў.