CNN: Келага не ўключылі ў склад дэлегацыі ЗША на Алясцы
- 15.08.2025, 20:15
РФ мяркуе, што ён сімпатызуе Украіне.
Спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі Кіта Келага не ўключылі ў склад дэлегацыі, якая накіравалася на саміт у Анкарыджы, таму, што расейскі бок мяркуе, што ён сімпатызуе Украіне.
Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на двух высокапастаўленых чыноўнікаў у адміністрацыі Трампа.
«Кіта Келага, былога генерала, які з'яўляецца галоўным перамоўнікам адміністрацыі Трампа з украінцамі, расейскі бок успрымае як такога, хто сімпатызуе Украіне, што магло б зрабіць яго прысутнасць на сустрэчы “контрпрадуктыўнай”», – адзначыў адзін з чыноўнікаў.
Таксама чыноўнікі паведамілі, што Келаг падзяліўся ўсёй інфармацыяй аб перамовах з украінскім бокам, з прэзідэнтам Трампам і дзяржсакратаром Рубіа. Таму яго адсутнасць нібыта «не з'яўляецца сур'ёзнай праблемай».
У той самы час еўрапейскі чыноўнік падкрэсліў, што прысутнасць Келага чакалася там, «і ён павінен быў бы быць там». Ён дадаў, што амерыканскай дэлегацыі будзе не хапаць глыбокіх ведаў сітуацыі на месцах, якой валодае спецпасланнік.
Аднак чакаецца, што Келаг будзе ўключаны ў склад дэлегацыі, якая адправіцца на патэнцыйную будучую сустрэчу паміж ЗША, Украінай і Расеяй.