Вугоршчына засталася без расейскай нафты праз удары па трубаправодзе «Дружба»
- 15.08.2025, 12:38
УСУ ўвялі свае «санкцыі».
Вугоршчына перастала атрымліваць расейскую нафту праз удар Узброеных сіл Украіны (УСУ) па ключавой размеркавальнай станцыі трубаправода «Дружба» ў Бранскай вобласці 12—13 жніўня, паведаміў міністр замежных спраў і замежнаэканамічных сувязей Петэр Сіярта. Ён расказаў, што намеснік міністра энэргетыкі РФ Павел Сарокін праінфармаваў яго аб рамонтных работах на аб'екце. З улікам таго, што яны «вядуцца бесперапынна, ёсць вялікая імавернасць», што пастаўкі нафты адновяцца ў пятніцу, дадаў Сіярта.
УСУ пачалі біць па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛВДС) «Унеча» ў сяле Высокім Бранскай вобласці з вечара 12 жніўня. Губернатар Аляксандр Багамаз паведамляў, што для нападу выкарыстоўваліся рэактыўныя набоі і беспілотнікі. Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі значны пажар. Станцыя «Унеча» - найбуйнейшы вузел магістральнай сеткі нафтаправодаў «Дружба» агульнай працягласцю 8900 км. Галоўная спецыялізацыя ЛВДС - транспартаванне нафты па трубаправодах. Аб'ект належыць холдынгу «Транснафтапрадукт». Да гэтага беспілотнікі атакавалі станцыю 6 жніўня, пасля чаго там таксама адбыўся пажар.
Вугоршчына застаецца адной з дзвюх краін Еўразвязу, якія працягваюць набываць расейскую нафту. У ліпені яна імпартавала «чорнага золата» з РФ на 200 млн еўраў, ацэньваюць аналітыкі СREA. Таксама Вугоршчына закупляе газ «Газпрама» (на 285 млн еўра ў ліпені), што робіць яе найбуйнейшым імпарцёрам расейскіх вуглевадародаў у Еўропе. Нафту па «Дружбе» у Еўразвязе закупляе яшчэ і Славаччына (на 169 млн еўра ў ліпені). Акрамя таго, Бельгія, Францыя і Гішпанія імпартуюць расейскі ЗПГ, вынікае са звестак CREA.
Трубаправод «Дружба» быў пабудаваны ў 1960-я гады. Ён бярэ пачатак у Альмецьеўску (Расея) і праходзіць праз Мазыр (Беларусь), дзе падзяляецца на дзве галінкі. Паўднёвая галінка ідзе праз Украіну ў Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну і Харватыю. Паўночная - у Польшчу і Нямеччыну. Пастаўкі расейскай нафты па паўночнай галінцы былі спыненыя праз санкцыі, аднак гэтым маршруце працягвае транспартавацца нафта з Казахстана. Да вайны ва Украіне праз нафтаправод «Дружба» Расея пастаўляла ў Еўразвяз амаль 720 тысяч барэляў сырой нафты штодня.