У Беларусі археолагі праводзяць падводныя раскопкі
- 13.08.2025, 20:18
Вось што атрымалася знайсці сёлета.
Беларускія археолагі прадаўжаюць падводныя даследаванні – сёлета на дзвюх пляцоўках знайшлі артэфакты розных эпох, паведаміў на прэс-канферэнцыі навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага таварыства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Ліневіч.
«Калі ў мінулыя гады мы працавалі на глыбінях блізу 1,5 м, цяпер – блізу 2 м. Але з іншага боку, гэта забяспечыла добрую празрыстасць вады. На гэты момант мы скончылі некалькі падводных экспедыцый – на Крывінскім тарфянішчы, на возеры Сялява», – расказаў Сяргей Ліневіч.
Крывінскі тарфянік – гэта ўнікальны археалагічны помнік на тэрыторыі Еўропы са стаянкамі эпохі неаліту, знаходзіцца ў Сенненскім і Бешанковіцкім раёнах. Там знаходзілі артэфакты сярэдзіны трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
«Там захавалася арганіка пад стэрыльным пластом торфу на глыбіні больш за 2 м. Мала дзе ў Еўропе мы можам зазірнуць у мінулае – літаральна ў акно неалітычнай пабудовы, паглядзець, як там размяшчаліся рэчы. Мы маем справу з адным з самых старажытных жылых комплексаў, якія захаваліся на нашай тэрыторыі, ён вельмі значны для нашай гісторыі. Сёлета з'явіліся новыя артэфакты – набор касцяных упрыгажэнняў, прылады працы з косці і каменю», – расказаў навуковец.
Возера Сялява знаходзіцца ў Крупскім раёне. Там на тэрыторыі гарадзішча Клішына размешчаныя найстаражытныя могілкі Беларусі. Нядаўнія знаходкі хутчэй за ўсё належаць днепра-дзвінскай культуры, якая была на нашых землях з VIII стагоддзя да нашай эры да IV стагоддзя нашай эры.
Комплексная экспедыцыя з падводнымі і наземнымі даследаваннямі на Сяляве выявіла вельмі багаты матэрыял сёлета, там «унікальная сітуацыя: пад метровым шурфам – каменная шліфаваная сякера».
«У цэлым унікальныя артэфакты ў Клішынскім мікрарэгіёне. Сярод іншага, на невялікім пярэсмыку шырынёй 10–12 м мы ў выніку шурфоўкі выяўляем матэрыялы, якія закранаюць фактычна ўсе эпохі – ад мезаліту да жалезнага веку. Перад намі ставяцца новыя задачы – як гэты аб'ект вывучыць і як яго захаваць для будучых пакаленняў», – паведаміў Ліневіч.