Беспілотнікі атакавалі гелікаптэрную пляцоўку пад Белгарадам
- 13.08.2025, 20:06
Над горадам чорны дым.
У расейскім горадзе Белгарадзе ў сераду, 13 жніўня, праз атаку беспілотнікаў магла быць пашкоджаная гелікаптэрная пляцоўка, якая выкарыстоўваецца войскам РФ.
Пра гэта заяўляюць Telegram-канал Пепел Белгород і выданне ASTRA, публікуючы фота і відэа дыму над горадам.
«Паводле папярэдніх звестак, чорны дым паднімаецца ў раёне гелікаптэрнай пляцоўкі, якая знаходзіцца на поўначы Белгарада», – гаворыцца ў паведамленні.
OSINT-аналітык blinzka ў Х геалакаваў месца прылёту, пацвердзіўшы, што дым паднімаецца паміж сялом Стралецкае і пасёлкам Северны Белгарадскага раёна
Пепел Белгород сцвярджае, што пасля папярэдняй атакі на пляцоўку з яе прыбралі гелікаптэры. Аднак на месцы пляцоўкі магла знаходзіцца ваенная тэхніка, яна, верагодна, і была атакаваная беспілотнікам.
ASTRA з характару гарэння мяркуе, што гарэць на пляцоўцы могуць паліва-змазачныя матэрыялы.
Украінскія вайскоўцы ці спецслужбы афіцыйна не паведамлялі 13 жніўня пра ўдары па Белгарадзе.