BE RU EN

Барыслаў Бэрэза: Гэта і ёсць галоўная мэта Трампа

  • 13.08.2025, 22:04

Чаму прэзідэнт ЗША выкарыстаў санкцыі на сустрэчу з Пуціным.

15 жніўня на Алясцы пройдзе сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. Чаму Трамп замест увядзення санкцый, запланаваных на 8 жніўня, надумаў сустрэцца з Пуціным, ды яшчэ і запрасіць яго ў ЗША? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітычным дзеячам, экс-дэпутатам Вярхоўнай Рады Барыславам Бэрэзам:

- Трамп жыве ідэяй атрымання Нобэлеўскай прэміі міру, і гэтая думка яго не пакідае. 10 кастрычніка Нобэлеўскі камітэт абвесціць лаўрэатаў.

Прэзідэнт ЗША ўжо прымаў удзел у спыненні вайны паміж Камбоджай і Тайландам, а таксама спрыяў падпісанню ў Вашынгтоне мірнай дамовы паміж Азербайджанам і Арменіяй. Акрамя таго, ён удзельнічаў ва ўрэгуляванні канфлікту паміж Пакістанам і Індыяй. У яго ёсць вялікія шанцы на атрыманне прэміі. Але каб гарантаваць поспех, Трампу неабходна замірэнне ва Украіне. Жаданне дасягнуць гэтага замірэння пераважае над здаровым сэнсам і ўсімі іншымі матывамі.

Трамп разумее, што увёўшы санкцыі цяпер, ён дакладна не паспее атрымаць патрэбны вынік да 10 кастрычніка. Аднак, на маю думку, вынік ён усё адно не атрымае. Пуцін пастараецца яго перахітрыць, будзе ліслівіць і дзейнічаць у рамках псіхалагічнага партрэта, падрыхтаванага ФСБ спецыяльна для размовы з Трампам.

Але гэта не адзіная прычына, паводле якой Трамп не даможацца жаданага. Пуціну не трэба заканчэнне вайны - яму патрэбная паўза. Паўза для пераўзбраення і даўкамплектавання войска, перадых для эканомікі, назапашвання зброі. Сёння на фронце расейскія танкі і БМП сустракаюцца рэдка — іх проста не стае. Крэмль хоча падрыхтавацца да новага этапу вайны.

Ці разумее гэта Трамп? Хутчэй за ўсё, так. Але цяпер для яго важнейшая прэмія міру. Думаю, санкцыі будуць уведзеныя ўжо ў верасні. Чаму? Таму што ў ЗША стартуе выбарчы марафон - выбары ў Сэнат і Кангрэс, якія закончацца ў лістападзе наступнага года.

Дэмакраты будуць актыўна выкарыстоўваць «украінскую карту» супраць Трампа, ператвараючы сітуацыю ў аналаг «Афганістана» і дэманструючы, што Амерыка прагнулася пад Расею. Трамп усведамляе, што параза рэспубліканцаў прывядзе да імпічменту ўжо на другім годзе яго кіравання. Таму інтарэсы партыі і ягоныя асабістыя амбіцыі ў выніку пераважаць — санкцыі будуць уведзеныя. Зараз жа ён паспрабуе пра нешта дамовіцца з Пуціным, паралельна абмяркоўваючы і іншыя тэмы.

- Якія яшчэ рэальныя мэты пераследуе Пуцін на сустрэчы ў Алясцы і ці зможа ён паўплываць на пазіцыю Трампа ва Украіне?

- Пуціну патрэбная паўза і адначасова магчымасць вырвацца з міжнароднай ізаляцыі. Сустрэчы з лідарамі краін «трэцяга свету» не замяняюць яму месца за вялікім сталом з наймацнейшымі палітыкамі свету. Яго не задавальняюць перамовы з прэзідэнтам Эрытрэі або наследным прынцам адной з арабскіх краін. Ён хоча сядзець за адным сталом з прэзідэнтамі ЗША, Францыі, Нямеччыны. Цяпер ён ізаляваны, і гэтая сустрэча з Трампам — першы крок да вяртання ў эліту сусветнай палітыкі.

Гэта і ёсць галоўная мэта Пуціна. А для Трампа - прэмія міру. Калі ён увядзе санкцыі цяпер, замірэння да 10 кастрычніка не будзе. Адсюль і ўся логіка працэсу.

- Як павінна рэагаваць Украіна, калі ЗША і Расея паспрабуюць дамовіцца аб замірэнні без удзелу Кіева?

- Калі нешта будзе прынятае без Украіны, без яе згоды і прысутнасці на перамовах - Кіеў не абавязаны гэта выконваць.

Гісторыя ўжо ведае падобныя прыклады. Уночы 30 верасня 1938 года ў Мюнхене сустрэліся рэйхсканцлер Нямеччыны Адольф Гітлер, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмбэрлен, прэм'ер-міністр Францыі Эдуар Даладзье і прэм'ер-міністр Італіі Беніта Мусаліні.

Яны падпісалі пагадненне, згодна з якім Чэхаславакія на працягу 10 дзён павінна была саступіць Нямеччыне Судэцкую вобласць. Пад ціскам Польшчы і Вугоршчыны, былі дададзеныя пункты аб перадачы ім спрэчных тэрыторый. У выніку Чэхаславакію падзялілі, а неўзабаве Нямеччына акупавала і Польшчу. Гэта стала пралогам Другой сусветнай вайны.

Спроба паўтарыць «мюнхенскую змову» цяпер ударыць і па Трампу, і па рэйтынгу Рэспубліканскай партыі ў ЗША. Еўропа і Украіна будуць бачыць, што адбываецца, і праводзіць прамыя гістарычныя паралелі. Украіна не павінна выконваць нічога, што супярэчыць Канстытуцыі і яе нацыянальным інтарэсам.

- Якія крокі павінны зрабіць ЕЗ і хаўруснікі Украіны, каб прадухіліць кулуарныя ўгоды паміж Вашынгтонам і Масквой?

- Усё ляжыць на паверхні. З Трампам могуць весці дыялог прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелані. Гэтыя лідары здольныя ўплываць на яго пазіцыю, выкарыстоўваючы аўтарытэт, дыпламатыю і шчыльныя камунікацыі.

Еўропа павінна выразна заявіць і пацвердзіць бюджэтамі гатоўнасць дапамагаць Украіне ў кожным выпадку. Калі Расея зразумее, што дамоўленасці з Трампам не падтрымліваюцца ЕЗ, а Еўропа гатовая працягваць фінансаваць абарону Украіны, гэта стане для Крамля сур'ёзным ударам.

Трагедыя Расеі - перамога Украіны і Еўропы. Гэтак жа, як крах нацысцкай Нямеччыны не выклікаў шкадаванняў, падзенне цяперашняга расейскага рэжыму будзе дабром для свету.

Таму - ціск, санкцыі, перамовы з Трампам, і самае галоўнае — словы, пацверджаныя грашыма і зброяй. Гэта ідэальны рэцэпт для «лячэння» гэтай хваробы.

Апошнія навіны