BE RU EN

«Годзе прыкрывацца патрэбамі дзяцей!»

  • 13.08.2025, 15:15

Крык душы маці беларускіх школьнікаў.

Маці траіх школьнікаў расказала сайту Charter97.org аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года:

- Першае, на што ідзе процьма грошай – гэта форма. Для каго яна прыдуманая ды разлічаная, я не ведаю. Але на пачатку года ўсе мусяць яе мець. Не буду пералічваць, колькі гэта каштуе, можна знайсці штосьці таннейшае, але горшай якасці. Але рэч не ў гэтым, бо праз тыдзень-два дзеці ў школу пачынаюць хадзіць у тым, у чым ім зручна, а не ладзіць паказ мод. Ужо ўсе звыклі, што гэта фармальнасць, якую пажадана выканаць. І збольшага ўсе выконваюць.

Да абавязковага харчавання таксама прыстасаваліся, плацім грошы за абеды і даём ссабойкі.

На лукашысцкія парады ды хакеі зазвычай пачынаем хварэць.

Нашы дзеці ўжо ў сярэдняй школе, і ўсе маюць тэлефоны. Ясная рэч, што тэлефон сёння – гэта не проста сродак сувязі, гэта кампутар з рознымі карыснымі функцыямі. Так, вядома, што часам дзеці ім злоўжываюць. Але адбіраць прыватную рэч і выдаваць гэта за клопат пра дзяцей – гэта абсурд.

На маю думку, сёння дзеці лягчэй адрозняць Samsung ад IPhone, чым карову ад быка. Для іх тэлефон – гэта і цацка, і сродак камунікацыі, і крыніца ведаў. А для мяне, як для мамы, гэта спакой і упэўненасць, што ў маіх дзяцей усё добра.

А навацыя пра відэаназіранне – дык для мяне гэта суцэльны жах. Нашых дзяцей хочуць трымаць не толькі без сувязі з роднымі, дык і штохвілінна кантраляваць, здымаць на камеру. Хто мае права рабіць здымку майго дзіцяці без майго дазволу?

Гэта ж не клопат, гэта – турма. Паклапаціцеся пра дзяцей: пастаўце бутлі з пітной вадой ды пакладзіце туалетную паперу ў прыбіральні. А не збірайце бясконца грошы, засланяючыся патрэбамі дзяцей.

Апошнія навіны