Для беларусаў, якія з'ехалі за мяжу, прыдумалі новае абмежаванне
- 13.08.2025, 8:58
Яно тычыцца вядзення бізнэсу.
У Беларусі хочуць увесці абмежаванне для прадпрымальнікаў - забараніць ім дыстанцыйна выходзіць з бізнэсу, гэта значыць з-за межаў краіны. Гэта прадугледжана праектам закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання». Дакумент знаходзіцца ў «парламенце» і рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні, піша «Зеркало».
Зараз удзельнік таварыства з абмежаванай або дадатковай адказнасцю, каб выйсці з іх, павінен пісьмова паведаміць пра гэта. Заява падаецца непасрэдна ў сваю ж кампанію.
«Пры гэтым заканадаўства наогул не рэгулюе парадак падачы заявы — гэта можна зрабіць як асабіста, так і накіраваўшы заяву поштай», — удакладняе экспэртка ў пытаннях бухгалтарскага і падатковага ўліку Алена Ігнатовіч у сваім тэлеграм-канале. Пасля таго як фірма атрымае апавяшчэнне, то прадпрымальнік выходзіць з яе.
Калі законапраект зацвердзяць, то ўдзельнік такога таварыства будзе абавязаны падаваць заяву натарыусу. «Гэта значыць такая пастанова аб выхадзе падлягае натарыяльнаму засведчанню, што запатрабуе асабістага прыходу ўдзельніка ці яго прадстаўніка да натарыуса», — дадае экспэрт.
«Удзельнік таварыства з абмежаванай адказнасцю мае права ў кожны час выйсці з гэтага таварыства незалежна ад згоды іншых яго ўдзельнікаў. У гэтым выпадку ўдзельнік таварыства з абмежаванай адказнасцю абавязаны падаць заяву аб выхадзе натарыусу».
«Стане немагчымым адправіць заяву аб выхадзе, напрыклад, з-за мяжы, - дадае Алена Ігнатовіч. - Калі законапраект не зведае змен, у гаспадарчых таварыстваў і іх удзельнікаў, якія знаходзяцца за мяжой і не маюць магчымасць прыехаць у Беларусь, яшчэ будзе час падумаць, як паступіць. Плануецца, што названыя пункты ўступяць у дзеянне праз год пасля афіцыйнага апублікавання закона».
Законапраектам прадугледжаны і іншыя змены.
«Выключаецца магчымасць для ўдзельніка, які падаў заяву аб выхадзе, пасля адклікаць заяву. Цяпер такое права даецца ўдзельніку да моманту вызначэння агульным сходам моманту разліку удзельніка, які сыходзіць», — удакладняе экспэрт.
Таксама чыноўнікі адкарэктавалі фармулёўку аб тэрмінах разліку з удзельнікам кампаніі - выплату сапраўднага кошту дзелі ў статутным фондзе або выдачу маёмасці трэба правесці на працягу 12 месяцаў. Адлік ідзе з даты выхаду, гэта значыць пасля ўнясення ў Адзіны дзяржрэгістратар юрыдычных асоб і ІП запісу аб змене складу ўдзельнікаў. Цяпер - з дня падачы заявы аб выхадзе.