BE RU EN

Што яшчэ «забылася» расказаць беларусам Ціханоўская?

  • Наталля Радзіна
  • 12.08.2025, 15:54

Вельмі складана замесці пад дыван 15 тысяч еўраў.

Уражвае, як хутка беларускія медыя «злілі» тэму 15 тысяч еўраў, якія Святлана Ціханоўская ўзяла ў беларускіх спецслужбаў. Як лёгка абмежаваліся абсалютна непераканаўчымі тлумачэннямі, чаму яна пяць гадоў маўчала пра гэты канверт з грашыма, узяты ёю перад ад'ездам з Беларусі на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Прабачце, але тлумачэнне «мне было сорамна» — разлічанае на ідыётаў. Калі б яна ўсё сумленна адразу расказала, як толькі апынулася ў бяспецы ў Вільні, гэта не выклікала б падазрэнняў.

А так выходзіць, чалавек, які называе сябе «лідаркай» беларускай апазіцыі, фактычна, прыняў хабар ад кіраўніка адной з беларускай спецслужбаў, і маўчаў пра гэта датуль, пакуль яго не прыперлі да сценкі паказаным па тэлевізіі відэасведчаннем.

І ўся «дэмакратычная грамадскасць» у асобе падкантрольных офісу NGO хутка аддала перавагу ўсе замесці пад дыван, як замяталіся іншыя нязручныя тэмы: супрацоўніцтва з КДБ і ўцёкі з донарскімі грашыма «спікерскі» «Каардынацыйнай рады» Анжалікі Мельнікавай, зліў звестак офісных праектаў «Беларускі Гаюн» і «Чорная кніга Беларусі», скандалы, звязаныя з працай фондаў, закліканых дапамагаць палітвязням, адсутнасць справаздачнасці ў ByHelp Аляксея Лявончыка, амаральныя і агідныя паводзіны кіраўніка BySol Андрэя Стрыжака. Ніводная з гэтых тэм нават не абмяркоўвалася на апошняй канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў Варшаве. Тым жа, хто хоць бы спрабаваў падняць балючыя пытанні, затыкалі раты і абвінавачвалі ў «працы на ўлады».

Я ж не магу не задаць лагічныя пытанні, якія ў мяне ўзніклі пасля паказу на БТ відэа, дзе Ціханоўская бярэ грошы ў начальніка ААЦ генерала Паўлючэнкі.

Калі пачаліся і як доўга працягваліся ўзаемадачыненні Святланы Ціханоўскай з беларускімі спецслужбамі?

Мы ведаем, што напярэдадні, 10 жніўня 2020 года, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, Ціханоўская разам з юрыстам Максімам Знакам і сваёй паплечніцай Марыяй Калеснікавай пайшла ў Цэнтрвыбаркам. Навошта яна туды пайшла? Якія яшчэ скаргі трэба было падаваць дыктатару замест таго, каб абвясціць сябе прэзідэнткай і далучыцца да масавых пратэстаў, якія ўжо пачаліся ў Менску і гарадах Беларусі?

Што адбывалася непасрэдна ў кабінеце кіраўніка ЦВК, дзе з Ціханоўскай размаўлялі супрацоўнікі КДБ? Пра пагрозы забраць дзяцей, якія да гэтага часу знаходзіліся ў Вільні, мы ўжо чулі. Я расказвала, як на просьбу Святланы вывезла яе дзяцей і маму ў Літву яшчэ ў ліпені 2020 года. Таму ў гэтую яе версію падзей, прабачце, не веру.

Як і ў тое, што Ціханоўская, як яна сцвярджае, «ніколі не хацела з'язджаць з краіны». Таму што цягам усёй выбарчай кампаніі Святлана ўвесь час казала, што хоча з'ехаць з Беларусі.

Для мяне ўсё гэта было дзіўна. Я не чакала, што яна апынецца такой баязлівай. Навошта трэба было тады ва ўсё гэта ўвязвацца і балатавацца ў прэзідэнты? У рэгіёнах ішла выбарчая кампанія, праводзіліся мітынгі і сустрэчы з выбарцамі, дзе збіралася досыць шмат людзей. Памятаю, як пасля першага такога мітынгу, калі выйшла шмат людзей і ўсё выглядала вельмі натхняльна, я патэлефанавала Святлане і сказала: «Света, усё выдатна, ты малайчына, трэба працягваць...» і пачула ў адказ: «Не, я з'язджаю, я не хачу, гэта не маё, я не люблю гэта ўсё, мне дрэнна, я не хачу тут быць, я з'язджаю». Такія сцэны паўтараліся рэгулярна.

У Ціханоўскай першапачаткова быў намер з'ехаць з Беларусі: і ў пачатку чэрвеня, калі яна прасіла зрабіць візы ёй і дзецям, і ў ліпені, і ў пачатку жніўня, за тыдзень да выбараў.

У ЦВК Святлана запісала відэа, у якім са слязамі на вачах паведамляла выбарцам, што «мы саступілі» і «трэба разыходзіцца па хатах». Відэа запусцілі па ўсіх беларускіх тэлеканалах.

Прыехаўшы ў Вільню, Ціханоўская адразу апублікавала яшчэ адно відэа, дзе заявіла, што яна «слабая жанчына», вымушана з'ехала ў Літву і зноў заклікала беларусаў не ўдзельнічаць у пратэстах. Тады людзі актыўна абмяркоўвалі, што гэтыя відэа Ціханоўская запісала таму, што яе муж знаходзіцца ў закладніках і ёй нібыта паказалі здымкі, як Сяргея катуюць у турме. Аднак у размове са мной яна зняпраўдзіла гэтую версію.

Пасля гэтага відэа мне патэлефанавала не заплаканая і разгубленая, а задаволеная і ўпэўненая ў сабе асоба. Размова была пры сведках. Мяне ўразіў гэты кантраст: я толькі паглядзела гэта другое відэа з заклікам да беларусаў разыходзіцца па дамах, запісанае, паўтаруся, у Вільні (навошта было запісваць, калі ты ўжо вырвалася на волю?!).

Я проста спытала Ціханоўскую: «Раскажы праўду, як табе пагражалі ў ЦВК. Цябе ж шантажавалі Сяргеем?»

Святлана гэта зняпраўдзіла: «Не, мяне не шантажавалі Сяргеем. Мне проста сказалі, што я вінаватая ў тым, што людзі выйшлі на вуліцы, што пралілася кроў. Але гэта ж не я арганізавала пратэсты, гэта ж вы ўсё арганізавалі з Вільні і Варшавы!»

Я была здзіўленая: абвінавачванні Ціханоўскай гучалі ў стылі лукашэнкаўскай прапаганды. Адказала ёй, што кроў на руках Лукашэнкі, гэта ён выкарыстаў сілу супраць мірных грамадзян і заклікала засяродзіцца на далейшай барацьбе. Прапанавала неадкладна заклікаць людзей да страйку. Святлана таксама рэзка заявіла, што рабіць гэтага не збіраецца, а засяродзіцца на стварэнні «Каардынацыйнай рады». Пасля гэтай размовы я перастала з ёй камунікаваць, бо зразумела, што ў гэтага чалавека нейкія свае, незразумелыя мне, мэты.

Далей вы ўсё ведаеце: і як ствараўся КС з прэзідыумам з дзіўных людзей без якога-небудзь досведу правядзення масавых вулічных пратэстаў (а толькі яны чамусьці мелі права голасу), і пра план правядзення бязмэтных шпацыраў-маршаў толькі па нядзелях, што прывяло да зніжэння вулічнай актыўнасці і жорсткага здушэння народных выступаў. А з боку Ціханоўскай у адказ на гэта, нягледзячы на шматлікія сустрэчы з лідарамі краін Захаду, вельмі доўга не гучала заклікаў да эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, хоць падчас пратэстаў ужо былі забітыя людзі, а ў турмы былі кінутыя тысячы палітвязняў. Першыя сур'ёзныя эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры былі ўведзеныя толькі ў траўні 2021 года дзякуючы дурасці самога Лукашэнкі, які пасадзіў самалёт Ryanair з Пратасевічам на борце.

Таму ў мяне дакладнае адчуванне, што Святлана Ціханоўская зноў нам не дагаворвае, і прапагандысты паказалі нам толькі частку запісанага матэрыялу. Магчыма, у яе ў шафе не адзін скрутак, і не адзін шкілет.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org

Апошнія навіны