BE RU EN

Belavia адкрывае новы маршрут

  • 11.08.2025, 20:28

Трапічная Азія стане бліжэй і танней.

Belavia пашырае сваю чартарную праграму. Увосень беларусы змогуць лятаць з Менска ў В'етнам. Расказваем падрабязнасці.

В'етнам – сёння адзін з модных кірункаў. Беларусы лётаюць у гэтым краіну ў асноўным праз Маскву. На дарогу ідзе больш за 20 гадзінаў. З 12 кастрычніка ўсё зменіцца.

Нацыянальны авіяперавознік пачне выконваць чартарную праграму ў В'етнам на востраў Фукуок.

У Belavia патлумачылі, чаму выбралі менавіта гэтае месца для палётаў: «Трапічны клімат з пляжамі сусветнага ўзроўню, вадаспады, каралавыя рыфы, жамчужныя фермы, рыбацкія вёскі і заходы, якія хочацца фатаграфаваць бясконца».

Прываблівае беларусаў і в'етнамская кухня: суп фо, блінцы бань-сеа, свежыя морапрадукты і знакамітая кава з яйкам.

Паводле інфармацыі тураператара «АЭРАБЕЛСЭРВІС», мінімальны кошт пакету на дваіх складае блізу $2900. Гэта трохзоркавы гатэль, тып харчавання – сняданкі, 11+1 начэй. Ёсць туры і даражэйшыя. Напрыклад, пяцізоркавы гатэль Novotel Phu Quoc абыдзецца на $3421. З харчавання таксама толькі сняданкі.

Вядома, што чартары будуць лётаць 1 раз на 10–11 дзён. Для падарожжаў у В'етнам выкарыстоўваюць Airbus A330-200.

Нагадаем, з 30 студзеня 2025 года пачало дзейнічаць міжурадавае пагадненне аб бязвізавым рэжыме для жыхароў Беларусі і В'етнама.

Цяпер грамадзяне абедзвюх краінаў, якія маюць звычайныя пашпарты, могуць з бязвізавым рэжымам уязджаць на 30 дзён. Агульны ж тэрмін знаходжання на тэрыторыі іншай дзяржавы не павінен перавышаць 90 дзён цягам каляндарнага года.

Апошнія навіны