BE RU EN

Салаўёў дапусціў новую «СВА» на Паўднёвым Каўказе

  • 11.08.2025, 9:51

Расейскі прапагандыст заявіў, што «вайна не скончыцца».

Расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў у эфіры сваёй перадачы «Нядзельны вечар» на «Расеі 1» заявіў, што пасля сустрэчы Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на Алясцы вайна ва Украіне не скончыцца. Таксама ён дапусціў пачатак новай «СВА» - на гэты раз на Паўднёвым Каўказе, заўважыла «Агенцтва».

«Перамагаць пара. Перамагаць. А яны робяць выгляд, што вайны няма... У пятніцу ўвечары вы будзеце хадзіць у вялікі горад, і вы думаеце, што адбываецца? А што, праўда дзесьці вайна ідзе? Праўда ідзе. І вайна страшная. І гэта трэба вельмі дакладна разумець. І яна, на жаль, для ўсіх не скончыцца сустрэча на Алясцы», — сказаў Салаўёў.

З ягоных слоў, вайна працягнецца праз тое, што «інтарэсы еўрапейцаў найперш у тым, каб вайна была». «Калі Трамп скажа, [што] гэта вашы праблемы, застануцца еўрапейцы, так што нам у чарговы раз давядзецца тлумачыць еўрапейцам, хто яны, што яны».

Салаўёў дадаў, што «вельмі вялікая праблема» — тое, што адбываецца на Паўднёвым Каўказе. Паводле яго, у раёне Каспійскага мора могуць хутка з'явіцца базы NATO. «І гэта настолькі небяспечна, што калі разглядаць з пазіцый геапалітычных, можа прывесці да такіх наступстваў, што гэта можа апынуцца не апошняя СВА нашага пакалення», — падкрэсліў тэлевядоўца.

Заява Салаўёва можа сведчыць пра тое, што Крэмль не рыхтуе расейскую грамадскую думку да заканчэння вайны напярэдадні перамоў Пуціна і Трампа, якія павінны адбыцца 15-га жніўня на Алясцы.

Разважаючы пра Паўднёвы Каўказ, Салаўёў, мяркуючы з усяго, меў на ўвазе падпісанне ў Вашынгтоне ў мінулую пятніцу пакета дакументаў паміж лідарамі Арменіі і Азербайджана ў прысутнасці прэзідэнта ЗША. Расейскія тэлеканалы не сталі паўнавартасна асвятляць гэтую падзею. Не было сюжэту пра гэта і ў выніковай праграме «Вести» ў нядзелю.

Апошнія навіны