Як кітайцы засялялі Віцебшчыну
- 10.08.2025, 15:44
Гісторыя калгаса «Кантонская камуна».
Кітайская гаспадарка ў розны час займалася вырошчваннем ільну, агародніны і садавіны.
У Віцебскім раёне адзін з турыстычных маршрутаў называецца «Кітайскі след у гісторыі Прыдзвіння», пішуць «Віцьбічы».
Ён расказвае пра жыццё кітайцаў, якія прыехалі на тэрыторыю Беларусі ў XX стагоддзі. І не проста пасяліліся тут, а стварылі ўласны калгас.
Калі кітайцы прыехалі на Віцебшчыну
Са слоў дырэктара Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Зыбіна, першыя кітайцы пачалі масава сяліцца ў вобласці яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны.
У Грамадзянскую вайну ў Віцебску аселі больш за 40 кітайскіх падданых.
«Большасць з іх працавалі ў гарадскім асенізацыйным абозе. У 1928 годзе чатыры кітайскія сям'і атрымалі зямлю ў Мікалаеўскім сельсавеце Віцебскага раёна, каля вёсак Маркавічаў і Баранава, для стварэння калектыўнай гаспадаркі. Там і з'явіўся калгас «Кантонская камуна», - распавёў Зыбін.
Кітайцы-ўдарнікі
Гэта быў адзіны ў БССР кітайскі калгас. У пачатку гаспадарка спецыялізавалася на вырошчванні садовых і агародніцкіх культур.
Праз нядоўгі час пасля стварэння ў калгас пачалі ўступаць беларусы, палякі, латышы і юдэі. Тады садова-агародніцкая арцель стала камунай.
У 1934 годзе калгас, які стаў інтэрнацыянальным, атрымаў імя першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Мікалая Гікалы. Ён неўзабаве стаў перадавой гаспадаркай, атрымаў льнаводчую спецыялізацыю.
Кітайцы Чжан Ванфу і Сін Судзі сталі найлепшымі работнікамі. Іх адпраўлялі дэлегатамі на раённыя і рэспубліканскія з'езды калгаснікаў-ударнікаў.
Знікненне «Кантонскай камуны»
У 1937 годзе калгас атрымаў імя ХХ-годдзя Кастрычніка. У гэты час ён пачаў губляць «кітайскае аблічча», многія яго работнікі пакінулі Маркавічы і працавалі ў іншых гаспадарках, а таксама ў Віцебску.
Некаторыя кітайцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў на акупаванай тэрыторыі.
Апошнія калгаснікі-кітайцы жылі ў вёсцы Маркавічах у канцы 1950-х гадоў.