BE RU EN

Трамп загадаў размясціць дзве ядзерныя падлодкі пасля словаў Мядзведзева

  • 1.08.2025, 20:28

Падводныя лодкі ЗША размесцяць «у адпаведных рэгіёнах».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў размясціць дзве ядзерныя падводныя лодкі «ў адпаведных рэгіёнах» праз заявы намесніка старшыні Рады бяспекі Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Пра гэта амерыканскі лідар паведаміў у сацсетцы Truth Social.

«На фоне вельмі правакацыйных заяваў былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, які цяпер займае пасаду намесніка старшыні Рады бяспекі РФ, я аддаў загад размясціць дзве атамныя падводныя лодкі ў адпаведных рэгіёнах – на выпадак, калі гэтыя безразважныя і распальныя выказванні будуць не проста словамі», – напісаў Трамп.

«Словы маюць вялікае значэнне і нярэдка прыводзяць да непрадбачаных наступстваў. Спадзяюся, на гэты раз да гэтага не дойдзе», – напісаў ён.

У чэрвені, пасля ўдараў ЗША па ядзерных аб'ектах Ірана, Мядзведзеў у сваім тэлеграм-канале напісаў, што пасля здарэння «шэраг краінаў гатовы наўпрост паставіць Ірану свой ядзерны боекамплект». Трамп раскрытыкаваў ягоную заяву. «Да слова на літару N (nuclear weapon. – Заўвага.) не варта ставіцца так легкадумна. Думаю, менавіта таму Пуцін – “БОС”», – адзначыў кіраўнік Белага дому.

Новая завочная сварка паміж намеснікам старшыні Рады бяспекі Расеі і прэзідэнтам ЗША адбылася на гэтым тыдні пасля таго, як Трамп устанавіў новы дэдлайн – 10 дзён з 29 ліпеня – у дасягненні прагрэсу ва ўрэгуляванні вайны ва Украіне, пасля заканчэння якога Вашынгтон пагражае ўвесці другасныя мыты ў дачыненні да Расеі і яе гандлёвых партнёраў.

Мядзведзеў заявіў у X, што Расея – не Іран або Ізраіль, каб ставіць ёй ультыматум, а кожнае такое патрабаванне палічыў крокам да вайны з ЗША. Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм адказаў на гэта, што тыя, хто думае, быццам кіраўнік Белага дому несур'ёзна ставіцца да спынення агню, «хутка моцна памыляцца». Сенатар таксама заклікаў Расею сесці за стол перамоваў.

«Не вам і не Трампу дыктаваць, калі “садзіцца за стол перамоваў”. Перамовы скончацца, калі будуць дасягнутыя ўсе мэты нашай ваеннай аперацыі. Працуйце дзеля Амерыкі перш за ўсё, дзядулі!» – адказаў на гэта Мядзведзеў.

Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social параіў Мядзведзеву «сачыць за сваімі словамі», паколькі той «уступае на вельмі небяспечную тэрыторыю». Намеснік старшыні ў адказ сказаў, што калі нейкія ягоныя словы «выклікаюць такую нервовую рэакцыю ў цэлага грознага прэзідэнта ЗША», значыць, Расея ва ўсім мае радыю і прадоўжыць ісці сваёй дарогай.

Апошнія навіны