BE RU EN

Трамп: Расея з пачатку года страціла 112 тысячаў салдатаў, Украіна – 8 тысячаў

  • 1.08.2025, 20:03

Прэзідэнт ЗША зноў заявіў, што хоча спыніць вайну.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што, паводле наяўных у яго звестак, з пачатку 2025 года Расея страціла больш за 112 тысячаў вайскоўцаў, у той час як страты Украіны склалі блізу 8 тысячаў. «Мне толькі што паведамілі, што амаль 20 тысячаў расейскіх салдатаў загінулі ў гэтым месяцы (хутчэй за ўсё, Трамп меў на ўвазе ліпень. – Заўвага.) – у гэтай недарэчнай вайне з Украінай. З пачатку года Расея страціла 112500 салдатаў. Гэта вялізная колькасць марных смерцяў! Украіна, зрэшты, таксама панесла сур’ёзныя страты – з 1 студзеня 2025 года загінула блізу 8 тысячаў украінскіх вайскоўцаў, не лічачы зніклых без вестак», – напісаў ён у сваёй сацсеткі Truth Social.

Трамп таксама адзначыў, што сярод загінулых ёсць мірныя жыхары Украіны, хоць, паводле ягоных словаў, іх колькасць меншая ў параўнанні са стратамі ў шэрагах украінскіх вайскоўцаў. Ён звязаў гібель цывільных асобаў з абстрэламі ўкраінскіх гарадоў: «Расейскія ракеты падаюць на Кіеў і іншыя населеныя пункты». Заканчваючы пост, прэзідэнт паўтарыў сваю тэзу, што ў пачатку вайны ва Украіне нібыта вінаваты яго папярэднік Джо Байдэн. «Я тут, каб паглядзець, ці змагу я спыніць гэтую вайну», – рэзюмаваў Трамп.

Раней, у сярэдзіне чэрвеня, брытанская выведка паведамляла, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расея магла страціць блізу аднаго мільёна чалавек – забітымі і параненымі. Паводле ацэнкі выведкі, да 250 тысячаў расейскіх вайскоўцаў маглі быць забітыя, што робіць гэтую вайну самай кровапралітнай для Расеі з часоў Другой сусветнай. Агульныя беззваротныя страты (забітыя, зніклыя без вестак і цяжка параненыя, не здольныя вярнуцца ў строй) ацэньваюцца на 400–500 тысячаў чалавек.

Пра рэзкі рост стратаў у шэрагах УС РФ з пачатку 2025 года ў пачатку ліпеня гаварыў і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. Паводле ягоных словаў, толькі за паўгода Расея страціла блізу 100 тысячаў забітымі, без уліку параненых.

The Economist у сваім аналізе прыйшоў да высновы, што толькі ў перыяд з 1 траўня да 9 ліпеня 2025 года Расея магла страціць на полі бою блізу 31 тысячы чалавек. Агульныя страты, паводле ацэнкі выдання, за ўвесь час вайны дасягаюць ад 900 тысячаў да 1,3 мільёна чалавек, у тым ліку ад 190 да 350 тысячаў беззваротных.

Падобныя звесткі прыводзіць і вашынгтонскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS). Згодна з ягонымі падлікамі, з пачатку ўварвання ва Украіну Расея страціла блізу 1 мільёна чалавек, з якіх прыкладна 250 тысячаў былі забітыя. Акрамя таго, блізу 400 тысячаў вайскоўцаў сталі інвалідамі.

Апошнія навіны