УСУ абверглі прымяненне беспілотніка над Беларуссю
- 1.08.2025, 19:39
Расея сістэматычна правакуе.
Галоўная ўправа камунікацый Узброеных сіл Украіны ў каментары «Белсату» абвергла прымяненне беспілотніка ў Беларусі. Раней сілавікі паказалі налепкі і апазнавальныя знакі на ўкраінскай мове нібыта на тым самым дроне, які ўрэзаўся ў жылы дом у Менску.
УСУ падкрэслівае, што "інфармацыя аб прымяненні Украінай беспілотнага лятальнага апарата над тэрыторыяй Беларусі не адпавядае рэчаіснасці".
“Сілы абароны Украіны наносяць удары выключна па верыфікаваных вайсковых цэлях на тэрыторыі РФ, а таксама па аб'ектах, якія забяспечваюць узброеную агрэсію супраць нашай дзяржавы. Паветраная прастора Рэспублікі Беларусь для такіх нападаў не выкарыстоўваецца», - адзначылі ў Галоўнай управе камунікацый УСУ.
У ведамстве нагадалі, што расійскія БПЛА неаднаразова парушалі паветраную прастору іншых дзяржаў, у тым ліку Беларусь. Больш за тое, "краіна-агрэсар сістэматычна звяртаецца да правакацый і гібрыдных дзеянняў на тэрыторыі замежных дзяржаў з мэтай дэструктыўнага інфармацыйнага ўплыву".
Нагадаем, пра падзенне беспілотніка ў двары дома № 72 на вуліцы Матусевіча стала вядома раніцай 29 ліпеня. Інцыдэнт здарыўся амаль а 2.00.
"Дзяжурнымі сіламі СПА ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі - парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА", - паведамілі ў Мінабароны.
Як адзначылі ў ведамстве, “у выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы а 02.33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 на вул. Матусевіча г. Менска».
У Следчым камітэце заявілі, што беспілотнік быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, аднак упаў без дэтанацыі.